У Віцебску ўшанавалі найлепшых жывёлаводаў вобласці
Урачысты сход, на які з'язджаюцца перадавікі, праводзіцца чацвёрты год запар па ініцыятыве старшыні аблвыканкама Мікалая Шарснёва. Асноўная мэта – падзякаваць людзей і наладзіць калектывы на вырашэнне новых задач. Сёння ў жывёлагадоўлі Віцебшчыны занята каля 14 тыс. чалавек.
Прывітаўшы ўдзельнікаў пасяджэння, намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў выказаў шчырую удзячнасць працаўнікам жывёлагадоўчай галіны. Яны не толькі забяспечваюць харчовую бяспеку нашай краіны, але і павялічваюць яе экспартны патэнцыял. Праца жывёлаводаў, нягледзячы на шырокае ўкараненне сучасных тэхналогій, застаецца нялёгкай, патрабуе асаблівых ведаў, вопыту, дысцыпліны. Таму невыпадкова, што ў галіне заняты людзі, якія шчыра адданы сваёй справе.
У 2020 годзе аграрыямі Віцебшчыны забяспечаны тэмп росту вытворчасці сельгаспрадукцыі на ўзроўні 105,2%, палепшыліся і якасныя паказчыкі. Сярэдні надой малака на карову склаў 4030 кг. У Бешанковіцкім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім і Аршанскім раёнах ён перавысіў пяцітысячны рубеж. У Віцебскім раёне паказчык склаў 6245 кг. Усяго выніку ў 5 тыс. кг дасягнула 41 гаспадарка, або 21% ад агульнай колькасці сельгаспрадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю малака. Вышэй за 7,5 тыс. кг надоілі традыцыйныя флагманы: СПК «Ларынаўка» Аршанскага раёна 11 422 кг, СХП «Мазалавагаз» Віцебскага 9208 кг, ААТ «Шайцерава» Верхнядзвінскага 8720 кг. ААТ «Агракамбінат «Юбілейны» Аршанскага раёна 7845 кг, ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» 7720 кг.
За ўсімі паказчыкамі стаяць аператары машыннага даення кароў. Высокія дасягненні ў Алены Кухаранка і Юліі Герасімянёнак (СПК «Ларынаўка», надой на карову 11 422 кг), Наталлі Шкіндэр (ААТ «Шайцерава», 9235 кг), Галіны Шышкінай (ААТ «Агракамбінат «Юбілейны», 8848 кг), Інны Міленка і Вольгі Варкулевіч (СХП «АСБ Агра-Наватар» Бешанковіцкага раёна, 8503 кг і 8637 кг адпаведна), Таццяны Гуляй і Анжэлы Пруднікавай (ААТ «Маяк Высокае» Аршанскага раёна, 8771 кг і 8739 кг), Алы Палійчук і Галіны Рабцавай (СХФ ім. Ю. Смірнова Дубровенскага раёна, 8781 кг і 8721 кг).
У гаспадарках з высокай прадуктыўнасцю статка на асаблівым рахунку тэхнікі-асемянаторы, без перабольшання яны робяць надвор'е ў вытворчасці малака. Ад паспяховага выканання іх работы наўпрост залежыць рэгулярны прырост пагалоўя, павелічэнне аб'ёмаў прадукцыі. Сярод лепшых Сяргей Храмой (УП «Мнюта» Глыбоцкага раёна, на сто кароў атрымана 109 цялят), Людміла Шылко (ААТ «Барсучанка» Докшыцкага раёна, 107 цялят), Леанід Мурашка (ААТ «Новыя Гараны» Полацкага раёна, 134).
На Віцебшчыне функцыянуе 15 комплексаў па адкорме КРС. У ліку лепшых аператараў Людміла Зайцава (СУП «Вядзерава» Бешанковіцкага раёна), Вольга Шпец (ААТ «Маяк Браслаўскі» Браслаўскага), Анжаліка Зуева (СХФ «Клясціцы» Россонскага раёна).
ЗАТ «Віцебскаграпрадукт» з году ў год робіць сур'ёзны ўклад у развіццё свінагадоўлі рэгіёна. На комплексах, якія ўваходзяць у яго склад, сярэднясутачныя прывагі не апускаюцца ніжэй за 840 г.
Штогод на Віцебшчыне вядзецца будаўніцтва жывёлагадоўчых аб'ектаў. У мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю восем МТК з агульным пагалоўем дайнага статка 8 тыс. галоў. Таксама рэканструявана 53 памяшканні для ўтрымання КАРС. Працягваецца рэалізацыя інвестпраектаў – будаўніцтва МТК на 2 тыс. галоў у Аршанскім раёне, свінарэпрадуктараў на 5 тыс. галоў у Лёзненскім і Аршанскім раёнах.
Для павышэння прэстыжу жывёлаводчых прафесій вядзецца мэтанакіраваная праца па забеспячэнні сельскай гаспадаркі кадрамі і іх афармленнем на сяле. У мінулым годзе было заключана 135 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Навучэнцам штомесяц аказваецца матэрыяльная падтрымка ад 3 да 5 базавых велічынь. У прызыўныя камісіі накіроўваюцца хадайніцтвы ў дачыненні да маладых спецыялістаў аб прызыве на службу ў рэзерве. Такім правам у мінулым годзе скарысталіся 35 чалавек. У школах створана 69 профільных класаў аграрнай накіраванасці. Вучні знаёмяцца з сучаснымі працэсамі атрымання прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства на базе перадавых гаспадарак. Для вырашэння праблемы забеспячэння спецыялістамі зааветэрынарнага профілю дзейнічае рашэнне аблвыканкама, у адпаведнасці з якім узровень заробку названай катэгорыі можа дасягаць да 3,8 тыс. руб. пры ўмове выканання тэхрэгламентаў, нарматываў і павелічэння прадукцыі жывёлагадоўлі. Таксама з 1 сакавіка 2021-га ў якасці дадатковай сацыяльнай падтрымкі маладых спецыялістаў (выпускнікоў 2020-га і наступных гадоў па спецыяльнасцях «Ветэрынарная медыцына» і «Заатэхнія»), якія заключылі кантракты тэрмінам на пяць гадоў, устаноўлена штомесячная выплата з бюджэту ў памеры 1 тыс. руб. на працягу трох гадоў.
Барыс Ефрэмаў яшчэ раз падзякаваў жывёлаводаў і нагадаў, што менавіта ад іх працы залежаць прывагі і надоі, дабрабыт калектываў і АПК Віцебшчыны ў цэлым.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Ігар Брыло адзначыў, што праца жывёлавода – самая яркая звяно АПК. Аграрная галіна нашай краіны ў мінулым годзе ў вытворчасці малака прырасла на 5,6%, мяса – 2,6%. Ужо амаль забыты часы, калі трэба было забяспечыць сельгаспрадукцыяй уласнае насельніцтва. Цяпер зусім іншая задача – рэалізаваць усе аб'ёмы і дыверсіфікаваць экспарт. За апошнія тры гады пастаўкі ў Расію зніжаны на 20% і ў агульным аб'ёме складаюць 76%. У цэлым наша прадукцыя адгружаецца ў 116 краін. Ігар Брыло падкрэсліў, што беларускі АПК выручыў ад экспарту 5,8 млрд долараў і заняў першае месца сярод усіх галін. У паспяховай працы ёсць і доля аграрыяў Прыдзвіння.