У Віцебску ўшанавалі работнікаў лясной гаспадаркі вобласці
Сёння Віцебская абласная філармонія ўтапала ў зеляніне параднай формы, бо на ўрачыстае мерапрыемства прыбылі супрацоўнікі з усіх лясгасаў вобласці, каб павіншаваць сваіх калег і атрымаць заслужаныя ўзнагароды за цяжкую працу. Традыцыйна мерапрыемства адкрылі гімнамі Рэспублікі Беларусь і лясной галіны, а далей пачалася чарада віншаванняў.
– Невыпадкова мы кажам, што лес – гэта наша народная гаспадарка, бо лясная галіна не толькі дае працоўныя месцы, так, у цяперашні час у лясгасах Віцебскай вобласці працуюць звыш 6,5 тысяч чалавек, але і дае працу дзясяткам тысяч людзей сумежных галін. Дзякуючы вашай працы мы атрымліваем экспартную выручку, дабратную мэблю, а яшчэ ведаем, што вы беражліва ставіцеся да зялёнага багацця нашай краіны, ахоўваеце яго і пастаянна ствараеце новыя лясныя культуры, – звярнуўся да прысутных старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў. – У вашай працы прысутнічае доля рамантыкі, але часцей яна звязана з цяжкай працай. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, непрадказальнасць прыроды, вы, як людзі ў пагонах, заўсёды павінны быць напагатове. Ад імя абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, хачу падзякаваць вас за нялёгкую працу і пажадаць здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавой, добрых фінансавых вынікаў і далейшага росквіту галіны.
Уладзімір Цярэнтаў узнагародзіў лесаводаў Ганаровымі граматамі аблвыканкама.
Пасля гэтага эстафету ўшанавання ўзяў намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Уладзімір Крэч, які ўручыў віцебскім лесаводам Ганаровыя граматы Міністэрства лясной гаспадаркі.
– Гэты год быў няпростым як для ўсёй галіны лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўчай прамысловасці, так і для лесаводаў Віцебскай вобласці. Ва ўмовах бясспрэчных сектарных санкцый з боку калектыўнага Захаду ўзніклі пэўныя цяжкасці, аднак любыя праблемы – гэта новыя магчымасці. І Віцебская вобласць з’яўляецца прыкладам таго, як гэтыя магчымасці можна выкарыстоўваць. Лесаводы Віцебшчыны праявілі сябе сапраўднымі байцамі, яны аднавілі ўсе аб’ёмы пілапрадукцыі, якія выпускаліся на дрэваапрацоўчых вытворчасцях не толькі колькасцю, але і ў грашовым эквіваленце, – адзначыў Уладзімір Крэч. – Віцебскай вобласці ўдалося захаваць свае калектывы, а таксама заработную плату, якая дзе-нідзе нават павысілася. Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што лесаводы вытрымалі ўдар і планамерна пачынаюць развівацца далей у розных напрамках. Як прыклад, сёлета ў Віцебскай вобласці будзе ўведзена ў эксплуатацыю 15 км лесагаспадарчых дарог, а сёння раніцай мы адкрылі новы сушыльны комплекс у Полацкім лясгасе. Гэтая праца будзе працягвацца.
Ганаровыя граматы Віцебскага ДВАЛХО лепшым лесаводам вобласці ўручыў гендырэктар структуры Юрый Ліпскі.
Ён адзначыў, што служэнне лесу – гэта асаблівае прызначэнне, якое сведчыць пра цвёрдасць характару, сілу духу і любоў да прыгожага, бо работнікі лясной гаспадаркі не пасуюць перад выпрабаваннямі, а з гонарам нясуць службу, захоўваючы і прымнажаючы лясныя багацці роднага краю.
– У першую чаргу мы можам ганарыцца тым, што захавалі свае калектывы, усе працоўныя месцы, у параўнанні з узроўнем мінулага года мы не страцілі ніводнага чалавека, а таксама захавалі заработную плату. У гэты няпросты час мы знаходзім варыянты для пашырэння і рэалізацыі нашай прадукцыі, атрымання дадатковай выручкі і нават павялічылі на некалькі працэнтаў рэалізацыю вытворчасці піламатэрыялаў, – адзначыў Юрый Ліпскі. – Так, у гэтым годзе нас не абмінула і бяда. Прайшлі бураломы, мы прыбралі больш за 450 тыс. куб.м. драўніны. Сёння мы працягваем займацца распрацоўкай бураломаў, у прыватнасці актыўная праца вядзецца ў Лепельскім і Аршанскім лясгасах. Мы справімся з пастаўленай урадам задачай – прыбраць усе даступныя ўчасткі лесасек, пацярпелыя ад непагадзі да 7 лістапада. Да цяжкадаступных лесасек будзем дабірацца ўжо пазней, як замерзне зямля.
Юрый Ліпскі таксама павіншаваў калег і ветэранаў з наступаючым святам, пажадаў кожнаму міру, дабра, дабрабыту, пазітыўнага настрою, упэўненасці ў заўтрашнім дні, прафесійных і асабістых поспехаў.
У гэты дзень заслужаныя ўзнагароды атрымалі больш за 60 лесаводаў Віцебскай вобласці, павіншаваць іх са святам прыйшлі і кіраўнікі службаў, з якімі цесна супрацоўнічае лясная гаспадарка: прафсаюзы, МНС і іншыя.