У Віцебску афіцыйна стартавалі спаборніцтвы па тайскім боксе II Гульняў краін СНД

Урачыстая цырымонія адкрыцця спаборніцтваў па тайскім боксе прайшла ў Віцебску.

Арэнай для спартыўных баталій у абласным цэнтры стаў Летні амфітэатр. На яго сцэне, якая да гэтага прымала толькі творчыя калектывы з розных краін свету, для правядзення II Гульняў краін СНД усталявалі рынг для паядынкаў тайскага бокса.

У спаборніцтвах возьмуць удзел 66 байцоў з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Узбекістана, Туркменістана і Кыргызстана. Як распавяла дзяржаўны трэнер нацыянальнай каманды па ўсходніх відах адзінаборстваў Кацярына Рэут, спартсмены падзелены на 14 вагавых катэгорый, з якіх 10 прадстаўлены мужчынамі ў моладзевай групе. Таксама за званне чэмпіёнаў II Гульняў краін СНД у муай-тай будуць змагацца дзяўчаты-юніёркі.

Муай-тай адрозніваюць відовішчнасць і строгія правілы, вызначаныя Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый тайскага бокса. Як адзначылі прадстаўнікі трэнерскага і судзейскага складу, галоўнае патрабаванне, якое прад'яўляецца да спартсменаў, - павага да суперніка на рынгу і па-за ім. Нягледзячы на тое, што гэта дастаткова жорсткі і траўманебяспечны від спорту, ім усё больш захапляюцца дзяўчаты. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ўпэўнена бяруць вышэйшыя прыступкі п'едэстала, у тым ліку і нашы суайчынніцы.

Спаборніцтвы па тайскім боксе ў Віцебску пройдуць па 13 жніўня. Фінальныя баі адбудуцца ў нядзелю а 11.00. Прыхільнікаў усходніх адзінаборстваў і гледачоў усіх узростаў запрашаюць у Летні амфітэатр пабалець за наймацнейшых. Уваход бясплатны.

"БЕЛТА"