У Віцебску адкрылі музейную экспазіцыю «Баявая тэхніка ваенных гадоў»
Як распавяла начальнік аддзела адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Таццяна Кузьміч, ідэя стварэння музейнай экспазіцыі ўзнікла пасля правядзення аднайменнага раённага конкурсу сярод устаноў дашкольнай адукацыі.
– Калі мы ўбачылі тыя шэдэўры, якія стварылі сваімі рукамі дзеці з бацькамі і выхавальнікамі, мы зразумелі, што іх праца не павінна прапасці дарма. Таму вырашылі напярэдадні Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стварыць унікальны, не пабаюся гэтага слова, музейны пакой, – адзначыла Таццяна Кузьміч. – Гэта падзея для нас знакавая, бо мы ўпершыню адкрываем такую экспазіцыю на базе дашкольнай установы адукацыі. Гледзячы на тую працу, якая была ўкладзена ў стварэнне гэтага музейнага пакоя, можна з упэўненасцю сказаць, што экскурсіі тут можна праводзіць для дзяцей і работнікаў адукацыі не толькі нашага раёна, але і ўсяго горада, вобласці і краіны.
Па словах загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 3 Віцебска Наталлі Рубінавай, на падрыхтоўку экспазіцыі сышло тры месяцы. Акрамя макетаў баявой тэхнікі, тут прадстаўлены стэнды з інфармацыяй аб тых падзеях, якія адбываліся ў Віцебску ў гады Вялікай Айчыннай вайны, партызанскім руху ў вобласці. А таксама прадметы, знойдзеныя пошукавікамі падчас раскопак: каскі, фляжкі, лыжкі і многае іншае. Іх у дар музею падарылі кіраўнік народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» і музейны захавальнік – Людміла і Станіслаў Нікіціны.
У першай экскурсіі прынялі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў абл- і гарвыканкамаў, прадстаўнікі адміністрацыі Першамайскага раёна і грамадскіх арганізацый.
– Наогул, эмоцыі перапаўняюць. Мы прывыклі весці размову аб патрыятычным выхаванні, паважлівым стаўленні да гістарычных і культурных традыцый нашай краіны з дзецьмі больш старэйшага ўзросту: навучэнцамі школ, каледжаў і ВНУ. Але пасля сённяшняй сустрэчы мы нечакана адкрылі для сябе магчымасць працы ў гэтым напрамку і з дашкольнікамі. Бо, сапраўды, вучыць дзяцей любові да сваёй Радзімы, горада і сям'і з ранняга ўзросту – гэта вельмі важна. Тады гэтыя каштоўнасці яны будуць трансляваць і ў будучыні, – сказала старшыня Віцебскага гарадскога савета ветэранаў Ларыса Аленская. – Вельмі значна, што музейная экспазіцыя адкрылася напярэдадні Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта сведчыць аб тым, што, нягледзячы на тое, што з кожным годам удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, на вялікі жаль, становіцца ўсё менш, гонар за подзвіг савецкага народа і памяць аб гераізме, які праявілі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Пасля экскурсіі для гасцей быў арганізаваны канцэрт «Памятны альбом», які падрыхтавалі выхавальнікі і выхаванцы ўстановы. А ў завяршэнне мерапрыемства ўсе прынялі ўдзел у пасадцы Дрэва Перамогі.