У Віцебску падвялі вынікі абласнога этапу конкурсу «Настаўнік года»
– Настаўнік – складаная і важная прафесія. У вашых руках будучыня нашай краіны, яе росквіт і магутнасць. Дзякуючы працы педагогаў падрастаючае пакаленне знаходзіць сябе ў прафесіі і дабіваецца поспехаў. З упэўненасцю можна сказаць, што на мінулых этапах кожны з вас паказаў прафесіяналізм і мэтанакіраванасць, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. – Сёння мы адабралі 8 лепшых педагогаў, якія прадставяць паўночны рэгіён на рэспубліцы. Жадаю кожнаму з вас поспехаў. Дзякуй за гэту няпростую, але вельмі патрэбную працу!
Пераможцам у намінацыі «Біялогія, хімія» стала настаўніца полацкай СШ № 16 Ганна Вераўкіна. Па прыкладзе сваёй бабулі – настаўніцы пачатковых класаў, Ганна Мікалаеўна выбрала прафесію педагога, скончыла Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П. Машэрава.
– Вельмі рада свайму поспеху. Наша школа вельмі дапамагала мне ў падрыхтоўцы, увесь калектыў падтрымліваў і даваў парады, – расказала Ганна Вераўкіна. – Далей – падрыхтоўка да рэспубліканскага этапу. Веру ў перамогу і жадаю кожнаму прадстаўніку паўночнага рэгіёну стаць лепшым у сваёй намінацыі.
У намінацыі «Замежная мова» пераможцам стала настаўніца нямецкай мовы аршанскай СШ № 3 Вольга Сіняўская. У намінацыі «Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка» – настаўнік матэматыкі СШ № 15 з Наваполацка Сяргей Бараноўскі. У намінацыі «Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва, айчынная і сусветная мастацкая культура, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка» пераможцам стала настаўніца фізічнай культуры і здароўя віцебскай СШ № 47 імя Е. Іваноўскага Кацярына Раманоўская. У намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» – выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Полацка Вольга Саварын. Дыпломам пераможцы ў намінацыі «Пачатковыя класы» ўзнагародзілі настаўніцу пачатковых класаў аршанскай гімназіі № 1 імя Г. Сямёнава Аксану Шукаловіч. У намінацыі «Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура» пераможцам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Прымшыц з віцебскай гімназіі № 1 імя Ж. Алфёрава. У намінацыі «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія» перамагла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства СШ № 14 Полацка Людміла Баранава.
Рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі, намеснік старшыні журы конкурсу Вольга Лапацінская адзначыла, што ўсяго ў абласным этапе конкурсу прыняло ўдзел 118 педагогаў Віцебшчыны, за выхад у супер-фінал змагаліся 24. На рэспубліканскім этапе вобласць прадставяць 8 педагогаў. Усе яны прафесіяналы сваёй справы, крэатыўныя, харызматычныя.
Дарэчы, сёлета за права называцца лепшымі змагалася шмат маладых педагогаў. Раней пераважная большасць удзельнікаў складалася з прэтэндэнтаў, у якіх вялікі стаж працы.