У Віцебску падвялі вынікі падрыхтоўкі да XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Да адкрыцця маштабнага мерапрыемства застаецца тыдзень, самы час "зверыць гадзіннікі", пачуць апошнюю і самую дакладную інфармацыю з першых вуснаў.
А хто лепш, чым кіраўніцтва вобласці і гарадоў, дзе пройдзе форум, ведае, як будзем сустракаць гасцей, чым будзе напоўнена дзелавая сустрэча рэгіёнаў дзвюх дружалюбных краін, якога эфекту ад яе чакаем.
– Як мінімум таго, што мы чакалі ад форуму, мы ўжо атрымалі. Перш за ўсё, актывізаваліся жыхары вобласці, якія ўнеслі вялікі ўклад у добраўпарадкаванне нашых гарадоў. Шмат што зроблена, яно застанецца для людзей. Гэта ўжо дасягненне. Акрамя таго, форум прыцягне ў нашу вобласць вялікую колькасць гасцей, дзелавых партнёраў, турыстаў, якія ўбачаць прыгажосць Віцебшчыны і захочуць сюды вярнуцца, прапанаваць цікавыя праекты, адпачыць. Усё гэта дазволіць вывесці рэгіён на больш высокую арбіту, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік вобласці распавёў аб асноўных аб'ектах, якія набылі новы выгляд. Гэта ў першую чаргу пляцоўкі, дзе пройдуць галоўныя мерапрыемствы форуму – канцэртная зала "Віцебск", культурна-спартыўны комплекс Летняга амфітэатра, Дом афіцэраў у Полацку. Вялікая рэканструкцыя праведзена ў гасцініцы "Віцебск", на плошчы Перамогі, якая з'яўляецца знакавым месцам, асабліва ў дні, калі абласны цэнтр будзе святкаваць 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У перыяд падрыхтоўкі форуму ўжо заключана каля 400 камерцыйных кантрактаў. Сума экспарту за мінулыя месяцы гэтага года склала больш за 59 млрд расійскіх рублёў і звыш 338 тыс. долараў. І гэтая праца будзе працягнута ў дні правядзення мерапрыемства. Таксама прапрацоўваецца да падпісання 14 дакументаў аб супрацоўніцтве, у тым ліку Віцебскім аблвыканкамам з адміністрацыяй Валгаградскай вобласці, з урадамі Ніжагародскай і Арэнбургскай абласцей.
– Хацеў бы выказаць удзячнасць не толькі будаўнікам, але і ўсім жыхарам Віцебшчыны, якія ўдзельнічалі ў навядзенні парадку ў сваіх населеных пунктах, на сваіх вуліцах. Агульнымі намаганнямі мы зрабілі ўсё, каб наша вобласць папрыгажэла. Сёння можна ганарыцца вынікамі працы. У такім тэмпе будзем працягваць. Не для гасцей, паказальных дэманстрацый, а для сябе. Бо ўсе аб'екты, якія рыхтаваліся да форуму, стануць кропкамі прыцягнення для турыстаў, інвестараў, арганізатараў важных мерапрыемстваў любога ўзроўню, – растлумачыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў.
Кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці дадаў, што форум дазволіць наладзіць цесныя гуманітарныя, сяброўскія, эканамічныя сувязі. У цяперашніх умовах гэта вельмі важна. Расійскі рынак для Беларусі з'яўляецца ключавым. Неабходна ўстанаўліваць доўгатэрміновыя кааперацыйныя адносіны.
У планах – падпісанне абласным Саветам дэпутатаў дакументаў аб супрацоўніцтве з заканадаўчымі сходамі Свярдлоўскай, Кемераўскай абласцей, Карэліяй, Маскоўскай гарадской Думай.
– Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі – найважнейшая палітычная падзея Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, – падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Генадзь Сабыніч падрабязней спыніўся на святочных мерапрыемствах Дня горада Віцебска, якія ў гэтым юбілейным для абласнога цэнтра годзе пачнуцца за дзень да адкрыцця форуму і працягнуцца амаль тыдзень.
Аб гатоўнасці прыняць удзельнікаў форуму распавялі старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч і мэр Наваполацка Ігар Бурмістраў.