У Віцебску з'явяцца новая лядовая арэна і цэнтр фігурнага катання
Аб неабходнасці будаўніцтва новай арэны ў Віцебску гаварылі на сустрэчы ў аблвыканкаме і мясцовыя ўлады, і прадстаўнікі федэрацыі фігурнага катання на каньках Віцебскай вобласці, і алімпійская чэмпіёнка Наталля Бестем'янава, якая разам з мужам – вядомым спартсменам і трэнерам Ігарам Бабрыным, вясной гэтага года звярнулася да Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай падтрымаць дадзены праект.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч падзякаваў Наталлю Філімонаўну і Ігара Анатольевіча за ўвагу да нашага рэгіёну. Алімпійская чэмпіёнка прыязджала ў Віцебск на спаборніцтвы «Паўночная зорка», а цяпер вырашыла разам з мужам адкрыць у нас сваю школу.
Алег Сяргеевіч адзначыў, што загружанасць існуючага лядовага палаца вельмі вялікая, гэта не дазваляе паўнавартасна развіваць зімовыя віды спорту. Новая арэна прызвана вырашыць праблему недахопу лёду як для спартсменаў, у тым ліку пачаткоўцаў, так і для аматараў.
Як растлумачыў дырэктар кампаніі-інвестара Дзмітрый Ходас, аналагічнай лядовай арэны пакуль няма ні ў Беларусі, ні ў Расіі.
Гэта шматфункцыянальны спартыўна-трэніровачны комплекс з круглагадовым рэжымам працы. Пры праектаванні будынка ўлічаны ўсе самыя сучасныя тэхналогіі, а таксама асаблівасці трэніровачнага працэсу спартсменаў самага высокага ўзроўню. Комплекс будзе ўключаць у сябе лядовую пляцоўку, кафэ, харэаграфічныя і трэнажорныя залы.
Асаблівую цікавасць уяўляе інтэграваная сістэма падрыхтоўкі, транспарціроўкі і ўтылізацыі энергурэсурсаў, якая дазваляе дамагчыся значнай эканоміі і рацыянальнага іх расходу пры эксплуатацыі будынка. Дадзеная тэхналогія ў 7-8 разоў знізіць затраты на абслугоўванне арэны ў параўнанні з аналагічнымі аб'ектамі. Яшчэ адной важнай асаблівасцю стане магчымасць аператыўна змяняць тэмпературны рэжым лядовага пакрыцця. Для прафесійных фігурыстаў дадзеная характарыстыка з'яўляецца ключавой пры адпрацоўцы найбольш складаных элементаў.
Паралельна з будаўніцтвам закрытай трэніровачнай лядовай арэны ў Віцебску будзе створаны «Цэнтр фігурнага катання на каньках Наталлі Бестем'янавай і Ігара Бабрына», дзе змогуць трэніравацца таленавітыя спартсмены з Віцебска і іншых гарадоў Беларусі. Ужо ў наступным годзе правядуць першы набор дзяцей. У цэнтры на пастаяннай аснове будуць працаваць допытныя трэнеры-выкладчыкі і харэографы, якіх на сённяшні дзень так не хапае для падрыхтоўкі таленавітых фігурыстаў. Кіраваць арганізацыяй усяго трэніровачнага працэсу, кансультаваць і праводзіць сумесныя трэніроўкі будуць самі Наталля Бестем'янава і Ігар Бабрын.
Будаўніцтва лядовай арэны і адкрыццё «Цэнтра фігурнага катання Н.Бестем'янавай і І.Бабрына», па агульным меркаванні ўдзельнікаў сустрэчы, значна пашыраць магчымасці дзяцей і моладзі, якія жадаюць займацца спортам і дасягаць высокіх вынікаў. І магчыма, у будучыні на вышэйшыя п'едэсталы гонару паднімуцца фігурысты – выхаванцы віцебскай школы.
Напрыканцы сустрэчы Наталля Бестемьянава і Ігар Бобрын прэзентавалі сваю кнігу «Танго нашага жыцця. Пара, у якой трое», якую яны напісалі разам з шматгадовым партнёрам Наталлі Філімонаўны па танцах Андрэем Букіным.