У Віцебску прайшоў абласны форум маладых сем'яў

В Витебске прошел областной форум молодых семей
Маладыя сем'і паўночнага рэгіёну сабраў абласны форум у Віцебску.


– Важна захаваць уласцівы беларусам сямейны ўклад, каб шлюб быў менавіта саюзам паміж мужчынам і жанчынай, заснаваны на любові, узаемнай павазе, самых лепшых чалавечых якасцях, якія павінны перадавацца дзецям, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў, старшыня абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» Дзмітрый Дзямідаў. – У трэці раз падводзім вынікі конкурсу «Сям'я ў аб'ектыве», арганізатарамі якога выступаюць грамадскія аб'яднанні і Віцебская епархія. Тыя традыцыі, якія павінны быць у сям'і і накіраваны на ўмацаванне духоўнасці і маральнасці, сугучныя з ідэямі і каштоўнасцямі Беларускай праваслаўнай царквы. Важна, што ў падобных праектах актыўна ўдзельнічае моладзь.

У межах Тыдня бацькоўскай любові быў запушчаны абласны маладзёжны конкурс-марафон «Сям'я ў аб'ектыве». Кожны тыдзень удзельнікі выконвалі розныя заданні, прысвечаныя пэўнай тэматыцы. Фінальным акордам стаў абласны форум сем'яў, які прайшоў у Віцебскай епархіі. У адкрытым дыялогу «Размова аб важным: шчаслівая сям'я – моцная дзяржава» ўдзельнікі задавалі пытанні спікерам, гаварылі аб тым, якой бачаць сучасную маладую сям'ю, а таксама агучылі свае ідэі і ініцыятывы. Так, адно з пытанняў ад сям'і Рочавых з Віцебска датычылася магчымасці з'яўлення ў мікрараёне Білева маладзёжнага цэнтра для ўсёй сям'і.

Па выніках конкурсу-марафону «Сям'я ў аб'ектыве» пераможцам стала сям'я Карэцкіх з Лепеля.

– Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў конкурсе. Сам праект цікавы, у дзяцей шмат эмоцый, і гэты марафон павінен абавязкова працягвацца. Да відэаролікаў мы стараліся падыходзіць з гумарам, і такі фармат нашым дзецям вельмі спадабаўся, – падзялілася сям'я Карэцкіх.

Вызначылі пераможцаў і ў намінацыях марафону:

«Сняданак для мамы» – сям'я Шчурэвіч з Наваполацка.

«Сям'я ў трэндзе» – сям'я Івановых з Віцебска.

«Сям’я за дабро» – сям’я Бруханчык з Браслава.

«Адпачываем усёй сям’ёй» – сям’я Багданенкаў-Ермалаевых з Пастаў.

«Нашы хвасцікі» – сям’я Варашылавых з Чашнік.

«Сямейныя каштоўнасці» – сям’я Бандарэнка з Віцебска.

«Тата можа» – сям’я Рочавых з Віцебска.

"Віцебскія весці"