У Віцебску прайшло пасяджэнне, прысвечанае гатоўнасці абласной тэрытарыяльнай падсістэмы ДСНС і ГА да надзвычайных сітуацый

В Витебске прошло заседание, посвященное готовности областной территориальной подсистемы ГСЧС и ГО к чрезвычайным ситуациям
Гатоўнасць абласной тэрытарыяльнай падсістэмы Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і Грамадзянскай абароны (ДСПЛНС і ГА) да ліквідацыі надзвычайных сітуацый і абароны насельніцтва абмеркавалі ў Віцебску. У пасяджэнні ўдзельнічалі кіраўнік аблвыканкама Аляксандр Субоцін і першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.

Апошні раз такое пасяджэнне праводзілася 7 гадоў таму. Аднак, па словах Аляксандра Субоціна, гледзячы на прыродныя катаклізмы, не характэрныя для нашай краіны, тэхнагенныя аварыі на буйных вытворчасцях, тарфяныя пажары і знешнепалітычную абстаноўку, такія мерапрыемствы варта арганізоўваць часцей.

– Мы ўсе з трывогай назіралі за наступствамі непагадзі ў Гомельскай вобласці, дзе стыхія літаральна за дзясяткі хвілін нанесла нямала шкоды рэгіёну. Ад такога ніхто не застрахаваны. Каб у падобных выпадках рэагаваць хутка і дакладна, трэба правяраць стан гатоўнасці абласной тэрытарыяльнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і Грамадзянскай абароны, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – Лепш загадзя падрыхтавацца да ўсяго, выпрацаваць алгарытм дзеянняў па ліквідацыі НС і абароне насельніцтва.

Кіраўнік вобласці таксама даў даручэнні інфармаваць яго аб тых недахопах, якія могуць стаць крытычнымі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый на тэрыторыі вобласці.

Даведка «ВВ»: Комплекснае вучэнне па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый пройдзе на тэрыторыі Віцебскай вобласці з 26 жніўня па 6 верасня.

Як расказаў Аляксандр Худалееў, асноўны акцэнт будзе зроблены на пытаннях узаемадзеяння службаў, своечасовым апавяшчэнні насельніцтва, у тым ліку з выкарыстаннем спецтранспарту і гучнагаваровых установак.

– Пасля падзей на Гомельшчыне кіраўнік дзяржавы падпісаў распараджэнне, у рамках якога была пастаўлена задача не толькі перад работнікамі МНС, але і Міністэрствам лясной гаспадаркі, энергетыкамі і іншымі ведамствамі, – удасканаліць падыходы працы, звязаныя з рэагаваннем на надзвычайныя сітуацыі метэаралагічнага характару і іх наступствы, – адзначыў Аляксандр Худалееў. – Дарэчы, Віцебскую вобласць найменш закрануў ураган, які прайшоў на тэрыторыі рэспублікі 13 – 14 ліпеня. Пацярпелі 10 раёнаў, 257 населеных пунктаў, з якіх 240 былі адключаны ад энергазабеспячэння.

 У асноўным камісіяй будзе вывучаны стан абласной падсістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у Віцебску, Аршанскім, Глыбоцкім і Пастаўскім раёнах, аднак пры неабходнасці праверка будзе праведзена і ў іншых рэгіёнах.

"Віцебскія весці"