У Віцебску адбылася восьмая пазачарговая сесія абласнога Савета дэпутатаў

В Витебске состоялась восьмая внеочередная сессия областного Совета депутатов
Дадатковыя рэсурсы для развіцця сельскай гаспадаркі, стымуляванне эканамічнай актыўнасці насельніцтва, падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў.

Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на восьмай пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання.

– Цяпер завяршаюцца ўборачныя работы, ідзе пасяўная кампанія, і для паспяховага іх правядзення неабходна прыняць шэраг карэкціровак у бюджэт, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, адкрываючы пасяджэнне.

Дэпутаты прынялі рашэнне накіраваць дадатковыя рэсурсы камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама для выканання меліяратыўных работ па аднаўленні меліяраваных земляў у суме 3 млн рублёў, на субсідаванне бягучай дзейнасці сельгасвытворцаў і набыццё паліўна-змазачных матэрыялаў – 5 млн рублёў, такую ж суму – для набыцця паліва. Частка сродкаў будзе накіравана на аплату комплексу работ па азёўванні кіслых глеб.

Дзякуючы карэкціроўкам плануецца выканаць і мэтавыя паказчыкі рэгіянальнага комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Аграрны бізнес» на 2021 – 2025 гады, паспяхова завяршыць уборачную і пасяўную кампаніі.

 Будуць знойдзены таксама сродкі для матэрыяльнай падтрымкі грамадзян у перыяд пошуку работы і на арганізацыю часовай занятасці каля 500 непаўналетніх у вольны ад вучобы час.

На пазачарговай сесіі абмеркавалі вынікі папярэдняга разгляду праектаў грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне жыцця ў малых гарадах і паселішчах. Дэпутаты прагаласавалі за накіраванне сацыяльна значных праектаў у Віцебскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў для правядзення іх адкрытага конкурснага адбору.

– Тэма рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў дастаткова надзённая, – адзначыў кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса. – Неабходна прыкласці максімум намаганняў для таго, каб запланаванае мы зрабілі да канца года. Гэта трэба людзям. І ўжо сёння варта высоўваць новыя ідэі для ўдасканалення жыцця насельніцтва, каб у 2025 годзе актыўна працягнуць гэту карысную працу.

Даведка «ВВ»

На 2024 год прадугледжана каля 30 тысяч рублёў на фінансаванне грамадзянскіх ініцыятыў ад усіх рэгіёнаў Віцебскай вобласці. З 23 праектаў 17 могуць быць рэалізаваны сёлета.

"Віцебскія весці"