У Віцебску адбыўся форум моладзі, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці

Сёння важныя гістарычная памяць, захаванне адзінства і ўмацаванне беларускага народа, супольнае пабудаванне будучыні краіны — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі форуму моладзі, арганізаванага абласным камітэтам БРСМ. Мерапрыемства прымеркавана да Года гістарычнай памяці.

Размова пачалася з актуальнага пытання: "Што для вас значыць Канстытуцыя?" Гэта закон, права і дзяржава — такое азначэнне дадзенаму слову ў папярэднім анкетаванні далі юнакі і дзяўчаты рэгіёна.

— У Канстытуцыі закладзена ідэалогія беларускага народа, абазначыў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас урачыстай цырымоніі падпісання Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму. І гэта сапраўды так, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая.

— Гэта вялікая чалавечая праца, дзякуючы якой мы будзем выбудоўваць стратэгічнае развіццё нашай краіны, — адказаў першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў.

— Канстытуцыя — гэта дагавор народа і дзяржавы, — сказаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. — Кожны з нас меў магчымасць выказацца. Прапаноў было вельмі шмат. Яны абавязкова знойдуць адлюстраванне ў заканадаўчых актах краіны.

— Гэта наша заўтра, — коратка адказаў старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Белевіч.

Таксама ў рамках сустрэчы адбыўся дыялог аб важнасці гістарычнай памяці, былі дадзены разнабаковыя азначэнні патрыятызму.

 —  Нам трэба не толькі памятаць пра сваіх продкаў, але і ганарыцца імі. Гэта трэба трансляваць сваім дзецям, а затым унукам. Вось так мы сплецем каралі нашай гісторыі. Гістарычная памяць — гэта генетычны код, які будзе нас ахопліваць, — падкрэсліла Марына Новіцкая.

Уладзімір Бабічаў расказаў, якія мерапрыемствы пройдуць у рэгіёне сёлета ў Год гістарычнай памяці і ў сувязі з прысваеннем абласному цэнтру статусу маладзёжнай сталіцы. Самыя актыўныя ўдзельнікі ўнеслі свае прапановы. Напрыклад, правесці маштабны форум з Міністрам адукацыі краіны, турпаход і лёгкаатлетычны марафон. Усе мерапрыемствы знойдуць адлюстраванне ў Google календары, з якім зможа азнаёміцца кожны, паабяцаў Уладзімір Бабічаў.

Завяршылася мерапрыемства спаборніцтвам на спілс-картах, дзе трэба было з дробных пазлаў сабраць карту нашай краіны. Акрамя гэтага, для ўдзельнікаў сустрэчы быў арганізаваны майстар-клас па выцінанцы. Маладыя людзі выразалі з паперы птушку — сімвал шчасця і вясны.

"Віцебскія весці".