У Віцебску ўрачыста адзначылі 106-ю гадавіну з дня ўтварэння губернскай міліцыі

В Витебске торжественно отметили 106-ю годовщину со дня образования губернской милиции
Праваахоўнікі Прыдзвінскага краю стаяць на варце грамадскага парадку ўжо больш за стагоддзе. Сёння на плошчы Перамогі ля мемарыяла ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 106-й гадавіне Віцебскай губернскай міліцыі, дата стварэння якой – 15 жніўня 1918 года.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел кіраўнік аблвыканкама Аляксандр Субоцін, начальнік абласнога Упраўлення ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў. Таксама на святкаванні прысутнічалі кіраўнікі органаў улады і сілавых ведамстваў, супрацоўнікі АУС Віцебскай вобласці, ветэраны, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, юныя інспектары руху, ганаровыя госці і члены сем'яў супрацоўнікаў, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы і грамадскасці.

Святочная цырымонія пачалася з урачыстага вынасу Сцяга і Харугвы УУС пад гукі марша Праабражэнскага палка. Пасля чаго прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, і ўсклалі вянкі і кветкі да падножжа мемарыяла.

Да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі звярнуўся старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін:

- Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды 106-й гадавіны з дня ўтварэння Віцебскай губернскай міліцыі. З цягам часу яна змяняла сваю назву – ад народнай аховы і савецкай рабоча-сялянскай міліцыі да міліцыі Рэспублікі Беларусь, але галоўнымі яе задачамі заўсёды былі і застаюцца ахова правапарадку, забеспячэнне законнасці і абарона нашых грамадзян. Сёння перад вамі стаяць маштабныя і няпростыя задачы: забеспячэнне грамадскай бяспекі і процідзеянне тэрарызму, абарона эканомікі ад крымінальнага ціску, барацьба з карупцыяй, паспяховае вырашэнне якіх наўпрост залежыць ад выразнасці і ўзгодненасці дзеянняў розных падраздзяленняў, умення прымаць вывераныя рашэнні і пісьменна аналізаваць сітуацыю. Самай аб'ектыўнай ацэнкай дзейнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з'яўляецца давер грамадзян, заслужыць які можна толькі бездакорным выкананнем службовых абавязкаў, што вы штодня і дэманструеце жыхарам і гасцям нашай вобласці.

– Міліцыя Віцебшчыны прайшла нялёгкі шлях развіцця і сёння застаецца адной з галоўных апор дзяржаўнай улады, асноўным інструментам барацьбы са злачыннасцю, забеспячэння грамадскай бяспекі, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. У гісторыі віцебскай міліцыі было шмат гераічных старонак: у розны час нашы суайчыннікі добрасумленна і самааддана забяспечвалі правапарадак, многія з іх аддалі жыцці, да канца застаючыся вернымі прысязе і афіцэрскаму абавязку. Мы з'яўляемся пераемнікамі лепшых традыцый, якія перадалі нам ветэраны органаў унутраных спраў, – яны і сёння знаходзяцца ў страі і гатовыя аказваць дапамогу ў раскрыцці злачынстваў, навучанні і выхаванні маладых супрацоўнікаў. На працягу апошніх гадоў у Віцебскай вобласці назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню злачыннасці, які з'яўляецца самым мінімальным у нашай краіне. Органы ўнутраных спраў Віцебшчыны займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў Рэспубліцы Беларусь, што яшчэ раз кажа пра прафесіяналізм нашых супрацоўнікаў, – падкрэсліў у сваім звароце да прысутных Андрэй Любімаў.

Ва ўрачыстай абстаноўцы пад гукі фанфар супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Віцебшчыны ўзнагародзілі медалямі «За бездакорную службу» II і III ступені, нагруднымі знакамі, прысвоілі чарговыя спецыяльныя званні, аб'явілі падзякі ад імя Міністра і намесніка міністра ўнутраных спраў, уручылі ганаровыя і памятныя граматы ад УУС і Віцебскага аблвыканкама.

"Віцебскія весці"