У Віцебску каля Палаца спорту прайшла выстава-продаж «Восеньскі карагод».

В Витебске возле Дворца спорта прошла выставка-продажа «Восеньскі карагод»
Яблыку не было куды ўпасці сёння на пляцоўцы каля Палаца спорту. У Віцебску – сюды сваімі яркімі фарбамі, водарамі і дастаткам прыцягнула жыхароў і гасцей горада штогадовая выстаўка-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі вобласці «Восеньскі карагод».

– Мы рады сустрэцца на нашай выстаўцы-кірмашы, якая ўжо стала традыцыйнай. Я ўдзячны ўстановам адукацыі за тое, што сёння, напярэдадні Дня настаўніка, яны змаглі якасна прадставіць сістэму адукацыі. Жадаю вучням школ уважліва агледзець пляцоўкі, пазнаёміцца са спецыяльнасцямі каледжаў, каб пасля зрабіць усвядомлены выбар прафесіі, – прывітаў гасцей начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Агароднінная і пладова-ягадная прадукцыя, расада, саджанцы дрэў і кустоў – усё, чым багатая восень, можна было ўбачыць на кірмашы і набыць па прымальных цэнах.

Сельскагаспадарчую прадукцыю прадстаўлялі каледжы ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Віцебскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прывёз бульбу сартоў «маніфест» і «каламба», капусту, моркву, буракі, саджанцы дэкаратыўных раслін, зеляніну.

– У нас вялікія магутнасці па вырошчванні ўласнай прадукцыі – агароднінных і збожжавых культур. На тэрыторыі каледжа ёсць цяплічны ўчастак, дзе мы вырошчваем памідоры, балгарскі перац некалькіх сартоў і інш. Хлопцы працуюць пад кіраўніцтвам майстроў, – растлумачыла майстар вытворчага навучання каледжа Анфіса Фадеева.Глыбокскі дзяржаўны каледж прывёз на продаж збожжа, бульбу, адборную агародніну – капусту, моркву, гарбуз, выпечку, а яшчэ камплекты пасцельнай бялізны, якія шыюць самі навучэнцы. Глыбчане таксама здзівілі багатым ураджаем журавін.

– Журавіны сёлета ўрадзіліся як ніколі – буйная, спелая, у нас збіраюць яе ў мяшкі для бульбы, – заўважыла майстар вытворчага навучання Людміла Цыркіна.

Дранікі з пылу з жару, каўбаскі ручной работы, шашлыкі ад Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сыходзілі нарасхват, як і гарачая, духмяная «відзаўская юшка», булачкі, смятаннікі і тварожнікі.

Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж прывёз у асноўным сельскагаспадарчую прадукцыю.

– Кожны спецыяліст, які паважае сябе і звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, павінен разумець, як расце збожжа, гародніна, якой цаной дастаецца хлеб. Таму, пачынаючы з першага курса, нашы хлопцы прылучаюцца да сельгасработ, – расказаў інжынер-механік каледжа Юрый Сарочынскі.

Ссузы вобласці прадставілі таксама вырабы з тканіны, воўны, саломкі, лазы, гліны, дрэва, металу, вырабленыя навучэнцамі і педагогамі, цешылі гасцей свежай выпечкай на любы густ.

Установам, адзначаным на рэгіянальным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, на свяце ўрачыста ўручылі заслужаныя ўзнагароды. Упрыгожаннем мерапрыемства стаў канцэрт лепшых дзіцячых творчых калектываў вобласці.

Фота Дзмітрыя Восіпава.