У Віцебску завяршыўся адкрыты турнір ААТ «МТЗ» па валейболе сярод прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі і Расіі
Урачыстай цырымоніі закрыцця спаборніцтваў прыняў удзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.
- Валейбол гэта вельмі цікавая дэмакратычная гульня, - падкрэсліў Вячаслаў Віктаравіч. -Радуе, што ўсё больш і больш каманд збіраецца на гэты турнір. Так, гуляюць аматары, але змагаюцца на спортпляцоўцы яны з азартам прафесіяналаў. Выдатна, што тут так шмат гледачоў і яны актыўна падтрымліваюць гульцоў. А гледачы – гэта прадстаўнікі працоўных калектываў. Атрымліваецца, што вакол валейбола аб'ядноўваюцца калектывы - гэта выдатна. Ад імя аблвыканкама хацеў бы падзякаваць арганізатараў турніру, а ўдзельнікам сказаць дзякуй за прыгожую гульню. І за яркія спартыўныя эмоцыі. Перамог наймацнейшы. Але, мабыць, на гэтым турніры выйгралі ўсе. Упэўнены, што з часам геаграфія турніру пашырыцца. Далучацца і каманды іншых расійскіх рэгіёнаў.
У заключнай гульні сустракаліся УП «Віцебскаблгаз» і ААТ «МТЗ». У першай партыі доўга лідзіравалі мінчане. Але пасля тайм-аўту гаспадары пераламілі гульню, давядучы сэт да перамогі. У другой партыі «Віцебскаблгаз» ужо перамог значна ўпэўней, выйграўшы ў выніку матч з лікам 2:0.
- Супернік трапіўся з нестандартнай манерай гульні, - пракаментаваў для «Віцебскіх вестак» гулец пераможцаў Яўген Люцкі. – Мы не адразу прызвычаіліся.
Такім чынам, «Віцебскаблгаз» атрымаў перамогі ва ўсіх сваіх матчах, заняўшы першае месца. За ўвесь турнір пераможцы прайгралі толькі адну партыю ў матчы з камандай Самарскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
- Формула нашага поспеху – старанныя трэніроўкі, вялікае жаданне перамагчы, - паведаміў Яўгеній Люцкі. – Каманда трэніруецца 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны. У нашым калектыве работнікі розных падраздзяленняў. Я працую начальнікам аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння. Таксама ў камандзе супрацоўнікі бухгалтарыі, службы абароны газаправодаў ад карозіі, абанентскай службы. Ёсць у нас былыя гульцы прафесійных валейбольных калектываў, якія потым перайшлі на працу ў «Віцебскаблгаз». Вядома, гэта таксама дапамагло перамагчы.
Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна калектывы ААТ «МТЗ» і РУП «Віцебскэнерго».
Каманда з Самары фінішавала чацвёртай.
- Вядома, вынікам турніру расчараваны, - сказаў гулец ЗДПУ Аляксей Галаеў. - Моглі лепш адыграць. А ў цэлым уражанні ад турніру толькі станоўчыя. Нас выдатна прымалі ў Віцебску. Добры чысты горад з прыгожымі вуліцамі і архітэктурай. Задаволены і высокім узроўнем спаборніцтваў.