У Віцебскай вобласці дзяржзаказ па збожжы выкананы на 99,4%, цалкам разлічыцца з дзяржзаказам плануюць да 15 кастрычніка

В Витебской области госзаказ по зерну выполнен на 99,4%, полностью рассчитаться с госзаказом планируют до 15 октября
На Віцебшчыне дзяржзаказ па збожжы выкананы на 99,4% і на працягу тыдня стаіць задача цалкам разлічыцца з дзяржавай. Разам з тым аналіз дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў у гэтым найважнейшым галіновым аспекце выявіў негатыўную тэндэнцыю: асобныя лідары не змаглі ці не захацелі праявіць сябе, а асноўны цяжар паставак для дзяржпатрэб лёг на слабыя і сярэднія гаспадаркі.

На гэтыя асаблівасці звярнуў увагу старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў на пазачарговым пасяджэнні аблвыканкама, куды былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна.

— Гэтае пытанне ўпершыню за многія гады выносіцца на разгляд на ўзроўні аблвыканкама, — адзначыў кіраўнік рэгіёна. — З выкананнем дзяржзаказу ніколі не ўзнікала праблем. Сёння ён даводзіцца ў памеры каля 9 – 10% да агульнага аб'ёму вытворчасці збожжа. Аднак у бягучым годзе яго забяспечваюць не вядучыя прадпрыемствы, а слабыя і сярэднія па сваіх магчымасцях гаспадаркі, якія, як бы цяжка ні было, змаглі мабілізавацца і справіліся з абавязацельствамі. Усе павінны працаваць у аднолькавых умовах, а з тымі, хто дапусціў арганізацыйныя пралікі, трэба разбірацца. Менавіта таму прыйшлося так абвастрыць гэту праблему.

Як паведаміў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргей Ягораў, аграрыі Віцебшчыны могуць запісаць сабе ў актыў выкананне дзяржзаказу па алеі рапсу. Што тычыцца харчовага збожжа, то па дадзеных на 7 кастрычніка пастаўлена 129,2 тыс. т (дзяржзаказ 130 тыс. т). Не справіліся з абавязацельствамі 18 сельгасвытворцаў Браслаўскага (7 арганізацый; дзяржзаказ выкананы на 59,7%), Докшыцкага (3; 93,5%), Талачынскага (5; 94,8%) і Пастаўскага (3; 95,2%) раёнаў. Пры гэтым калі ў Пастаўскім раёне пасля прамежкавага аналізу працы зроблены высновы і прыняты арганізацыйныя меры па выпраўленні становішча, то астатнія адстаючыя пакуль не рэагуюць на сітуацыю.

Ускладняецца пытанне яшчэ і тым, што асобныя арганізацыі заключылі дагаворы, атрымалі авансы ад перапрацоўшчыкаў, у тым ліку на зарплату, набыццё запчастак і г. д., але ўзятыя на сябе абавязацельствы па пастаўках сельгаспрадукцыі не выканалі. Такіх набралася ажно 47 суб'ектаў, якія завінавацілі 663 тыс. рублёў. Гэта не толькі можа прывесці да негатыўных наступстваў перш за ўсё для іх кіраўнікоў, але і адмоўна паўплывае на імідж раённай улады, папярэдзіў Сяргей Ягораў.

Шэраг арганізацый атрымалі сур'ёзную дапамогу ў выглядзе бюджэтнага фінансавання і пры гэтым таксама ўхіляліся ад выканання абавязацельстваў, прычым гаворка ідзе нават аб прадпрыемствах Аршанскага раёна, які лічыцца галоўнай жытніцай рэгіёна. Хоць раён у цэлым выканаў заданне па пастаўках у кошт дзяржпатрэб, але вынік забяспечылі сярэднікі, звярнуў увагу Сяргей Ягораў. Адзін з прыкладаў — не справілася з абавязацельствамі сельгаспрадпрыемства «Вусьце». Пры гэтым гаспадарцы было выдзелена каля 1,3 млн руб. з абласнога бюджэту на розныя вытворчыя мэты, а раней вырашана пытанне па даўгах на суму каля 10 млн руб., каб яно фактычна з чыстага ліста аднавіла працу.

Ёсць пытанні і да калектываў ільнозаводаў па выкананні дзяржзаказу па ільновалакне. Заданне — 3620 т, у тым ліку трэба паставіць 1620 т доўгага і 2 тыс. т кароткага ільновалакна. Па выніках 9 месяцаў у кошт дзяржзаказу пастаўлена 819 т, або 23% да плана. Напрыклад, Пастаўскі льнозавод пакуль нават не прыступіў да выканання гэтай задачы. Кіраўнік камітэта адзначыў нізкія тэмпы работы ў гэтым напрамку нават флагманаў галіны — Дубровенскага і Арэхаўскага прадпрыемстваў.

Аб'ектыўных прычын для невыканання дзяржзаказу няма, канстатаваў Сяргей Ягораў. Таму кіраўнікі на месцах павінны прыняць вычарпальныя меры для выпраўлення сітуацыі. У прыватнасці, шляхам перадразмеркавання паміж гаспадаркамі аб'ёмаў паставак або выпрацаваць іншыя рашэнні, каб да 15 кастрычніка Віцебшчына цалкам разлічылася з дзяржзаказам, а гаспадаркі адпрацавалі атрыманыя авансы. Рэсурсы для гэтага ёсць, у тым ліку збожжа, якое адпавядае ўсім неабходным паказчыкам.

"Віцебскія весці"