У Віцебскай вобласці пачалася масавая нарыхтоўка бярозавіку
Сёлета сокавы сезон пачаўся пазней звычайнага з-за халоднага надвор'я, бо сокарух адбываецца толькі з прыходам цяпла. Аднак ахвотных набыць карысны напой нямала. У Віцебскім лясгасе адзначаецца актыўны попыт на бярозавы сок.
– На сённяшні дзень лясгасам рэалізавана каля 9 тон бярозавага соку, мы спадзяемся, што сокарух будзе працягвацца яшчэ паўтары-два тыдні, – паведаміў інжынер па ахове і абароне лесу Віцебскага лясгаса Дзмітрый Збуржынскі.
Каб не нашкодзіць дрэвам і атрымаць якасны прадукт, існуе шэраг правіл па зборы мэтавага напою. На ўчастку Віцебскага лясніцтва, адведзеным пад высечку галоўнага карыстання, за выкананнем усіх гэтых правіл сочыць ляснічы Аляксандр Смагаржэўскі.
– Нарыхтоўваць сок можна з бяроз, якія будуць спілаваны на працягу пяці гадоў, а іх дыяметр павінен складаць не менш за 20 см. У дрэве робіцца адтуліна глыбінёй 3 – 5 см на адлегласці 25 – 30 см ад камля, устаўляецца жолаб, па якім будзе сцякаць сок, падвязваецца мяшок, у які будзе назапашвацца напой, – тлумачыць тэхналогію збору ляснічы.
Работнікі лясгаса збіраюць сок па меры напаўнення мяшкоў, кожны дзень прадукт адпраўляецца да спажыўца. Таксама яго можна набыць прама на месцы нарыхтоўкі, як гэта штогод робіць Юлія Паўлава.
– Вельмі зручна, што сок нарыхтоўваюць ляснікі і прама тут яго можна набыць. Прыязджаем сюды кожны год, бо бярозавы сок – гэта натуральны прадукт, ужыванне якога прыносіць карысць для арганізма, – сказала яна.
Але не ўсе жыхары паўночнага рэгіёну прытрымліваюцца правіл нарыхтоўкі. Нядаўна ў Віцебскім лясгасе злавілі парушальніка, які нелегальна здабываў сок.
– У пачатку красавіка ляснічый Віцебскага лясніцтва, знаходзячыся на тэрыторыі дзяржлесфонду, выявіў незаконную падкормку бярозавага соку і звярнуўся да нас. Лясгас прыняў рашэнне ўсталяваць фотапастку, якая зафіксавала грамадзяніна, які прыходзіць у адзін і той жа час – у 6.30. У гэты аўторак мы прыехалі ў лес да 6 гадзін, парушальнік прыйшоў па прадукт, і яго ўзялі на месцы злачынства, – адзначыў Дзмітрый Збуржынскі. – Складзены адміністрацыйны пратакол. Парушальніку пагражае штраф да 20 базавых велічынь і пакрыццё шкоды лясной гаспадарцы за кожны літр незаконна сабранага соку 0,1 БВ. Каб такіх сітуацый не ўзнікала, аматарам самастойнай нарыхтоўкі напою варта звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, дзе спецыялісты растлумачаць, як правільна нарыхтоўваць сок, дадуць памятку і прапануюць участкі, дзе можна будзе гэта зрабіць законна.
Акрамя таго, набыць напой можна ў любым лясгасе або лясніцтве.
У лясгасах Віцебскага ДВАЛХА літр бярозавага соку можна набыць у сярэднім з улікам ПДВ за 40 капеек, а ў лясніцтвах — за 30 капеек.