У Віцебскай вобласці першым перавёз 3000 тон збожжа вадзіцель агракомплексу «Янавічы» Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі
Сёння імя Дзмітрыя Іванова не сыходзіць са старонак газет. Малады кіроўца на працягу ўсёй уборкі збожжавых і зерневых бабовых культур паказвае лепшыя вынікі ў раёне і вобласці, за што адзначаны граматамі і прэміямі. Ён першым пераадолеў мяжу ў 1000 т збожжа, затым у 2000 т, і вось – яшчэ адна працоўная перамога на залатой ніве.
Гэта ўжо сёмы ўборачны цыкл, у якім прымае ўдзел хлебароб, і літаральна кожны год ён становіцца лідарам у сваёй катэгорыі. Сам працаўнік прызнаецца, што сакрэтаў асаблівых няма, проста ён любіць сваю справу, кожны дзень з задавальненнем спяшаецца на працу. А ўвечары дома яго чакае дружная сям'я: жонка Алена і дзве дачушкі-хахатушкі Маша і Аліна, для якіх бацька – прыклад працавітасці і адказнасці.
У гэтыя гарачыя жнівеньскія дні ўсе сілы аграрыяў кінуты на тое, каб хутчэй убраць ураджай. У агульнай складанасці Дзмітрый робіць каля дваццаці рэйсаў ад поля да збожжасушылкі. Праўда, кажа, тут значэнне мае не хуткасць, а якасць, бо галоўнае – не страціць ні зернышка.
– Дзмітрый з мясцовых, нарадзіўся і вырас у Янавічах, можа, таму так прывязаны да роднага краю, стараецца, працуе на сумленне, – адзначыла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» Раіса Яршова. – Кіраўніцтва прадпрыемства цэніць і заахвочвае такіх адказных, працавітых работнікаў.