У Віцебскай вобласці прынялі прысягу 44 навабранцы МНС
Сёння папоўніліся рады ратавальнікаў Віцебскай вобласці. Прыняцце прысягі для 44 новых работнікаў прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Маладыя людзі ў Віцебску, Оршы і Полацку вымавілі словы вернасці Радзіме. Сярод іх ёсць і адна прадстаўніца прыгожага полу. Гэта афіцэр - інспектар прапаганды Расонскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
У Віцебску 14 навабранцаў прымалі ў рады ратавальнікаў у абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.Ф. Шмырова. "Прысягаю на вернасць Рэспубліцы Беларусь і яе народу. Клянуся свята выконваць Канстытуцыю. Высока несці гонар і годнасць работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях. Абараняць жыцці і здароўе людзей. Абавязваюся быць мужным, сумленным і самаадданым", - гэтыя словы для ратавальнікаў-пажарных вельмі важныя. Кожны з іх усведамляе, якая адказнасць кладзецца на іх плечы. Наперадзе ў работнікаў МНС будуць нялёгкія выпрабаванні працоўных будняў, але яны гатовыя змагацца за жыццё грамадзян і сваіх калег.
"Для кожнага мужчыны дзень прысягі значны. Як і для любога маладога чалавека, які лічыць сябе абаронцам Айчыны. Таго, хто ў цяжкую хвіліну возьме на сябе адказнасць па абароне нашай краіны. Прысяга - вельмі хвалюючы момант. Я памятаю сябе на месцы сённяшніх навабранцаў, калі ў 1997 годзе ў Мінску вымаўляў тую ж клятву на плацы Вышэйшага пажарна-тэхнічнага вучылішча МУС. Акрамя хвалявання, я адчуваў гордасць за тое, што змог уступіць у шэрагі ратавальнікаў. Разумеў, што буду прыносіць карысць сваёй радзіме. Хочацца пажадаць папаўненню ратавальнікаў быць мужнымі, бясстрашнымі, любіць сям'ю, сваю Радзіму", - падзяліўся намеснік начальніка абласнога УМНС Сяргей Маркевіч.