У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адкрылася ўнікальная выстава «Кнігі ў дар Прэзідэнту»

В Витебской областной библиотеке имени В. И. Ленина открылась уникальная выставка «Книги в дар Президенту»
На выставе «Кнігі ў дар Прэзідэнту» ўвазе наведвальнікаў прапанавана 50 выданняў з асабістага фонду Аляксандра Лукашэнкі, перададзеных у дар Прэзідэнцкай бібліятэцы.


- Падчас афіцыйных візітаў і дзелавых сустрэч кіраўніку дзяржавы часта прэзентуюць кніжныя выданні. І звыш 160 экзэмпляраў з асабістай калекцыі ён падарыў Прэзідэнцкай бібліятэцы. Частка з іх прадстаўлена на гэтай выставе, — паведаміла дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян.

Экспазіцыя ўключае кніжныя выданні рознай тэматыкі: сусветная гісторыя, мастацкая літаратура, мастацтва, духоўная спадчына, эканоміка, навука, спорт.

На выставе можна ўбачыць кнігі пра Вялікую Айчынную вайну, генацыд. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з элітным 4-х томным перавыданнем успамінаў і разважанняў легендарнага маршала Георгія Жукава.

У фотаальбомах адлюстравана мастацтва ад жывапісу да архітэктуры: «Паўлаўск. Мастацкія калекцыі», «Рускі пейзажны жывапіс», «Загарадныя імператарскія рэзідэнцыі: будні, святы, трагедыі».

Сярод выставачных экспанатаў — інфармацыйна насычаныя, маляўніча аформленыя выданні, якія распавядаюць пра культурнае і прыроднае багацце Кітая і Бразіліі. Незвычайныя кнігі з Паднябеснай цікавыя па сваім афармленні (старонкі злучаны ў выглядзе гармоніка) і зместу.

Кнігі, якія знаходзяцца на выставе, унікальныя не толькі сваім зместам, але і афармленнем. Яны ўяўляюць сабой пэўныя дасягненні культуры дызайну, паліграфіі. Кніжныя выданні якасна аформлены, ілюстраваны; некаторыя з іх маюць спецыяльную падарункавую ўпакоўку, скрыні, суперабложкі.

- Каштоўнасць і ўнікальнасць многім кнігам надаюць пакінутыя ў іх аўтографы і дарчыя надпісы. Такая шырокая калекцыя красамоўна сведчыць аб маштабнасці афіцыйнай і народнай дыпламатыі суверэннай Беларусі, — падзялілася сваім меркаваннем загадчыца аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Юлія Вайлунава-Шынкевіч.

Выстава адкрыта да 25 лістапада.

"Віцебскія весці"