У Віцебскім дзяржаўным каледжы электратэхнікі адкрылі лабараторыю электрычных вымярэнняў

Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, заняткі ў новай лабараторыі дазволяць навучэнцам больш дэталёва і глыбока асвоіць вытворчыя працэсы. І палегчаць адаптацыю выпускнікоў на вытворчасці.
– Адкрыццё такой лабараторыі – чарговы крок, каб яшчэ больш улюбіць навучэнцаў у прафесію, – сказаў Дзмітрый Леанідавіч. – З улікам дэфіцыту спецыялістаў тэхнічнага профілю, вельмі важна, каб было сучаснае абсталяванне. Прычым, у гэтай лабараторыі рэалізуецца задача апярэджваючага навучання: прадстаўлены цеплавізары, іншыя найноўшыя прыборы, якія толькі ўкараняюцца на прамысловых прадпрыемствах.

Па словах выкладчыкаў тэхнікума, наяўнасць такой лабараторыі – прытрымліванне тэндэнцыі сучаснай адукацыі – практыка-арыентаванасці.
А навучэнцы адзначаюць, што на новым абсталяванні вучыцца прасцей і цікавей. Калі з дапамогай ранейшых механічных прыбораў на вымярэнне параметраў і элементаў электрасеткі даводзілася марнаваць па некалькі хвілін, то зараз гэта выконваецца імгненна.

– Я паспеў папрацаваць з шматканальным лічбавым асцылографам, – кажа другакурснік Аляксей Фокаў. – Пры дапамозе новага прыбора можна практычна імгненна ў адзін клік вымераць любы параметр электрычнага сігналу. Вельмі зручна – усё аўтаматызавана. Перавага і ў тым, што ў лічбавым асцылографе таксама мінімізаваны механічныя памылкі. Ён выдае больш дакладны вынік параметраў электрасігналу.
















