У Віцебскім раёне перапахавалі астанкі 108 воінаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

На воінскіх пахаваннях №8013, размешчаных у в. Новікі Шапечынскага сельсавета Віцебскага раёна, прайшло перапахаванне астанкаў 108 воінаў РСЧА, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1944 годзе гэтая мясцовасць стала арэнай кровапралітных баёў. Тут вялі наступальныя баі 26-я і 43-я гвардзейскія танкавыя брыгады, 215-я, 173-я, 371-я стралковыя дывізіі, 735-ы самаходна-артылерыйскі полк.

У палявых пошукавых работах на месцы плацдарма вясной гэтага года прымалі ўдзел вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь сумесна з Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыяй «Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне». Кіраўнік апошняга Валерый Загрэкаў распавёў, што пошукавікі трэці год працуюць у Новіках, ужо перапахавалі шмат герояў, але нікому не вядома, колькі яшчэ безназоўных салдат ляжыць у віцебскай зямлі.

Таксама дапамагалі падымаць астанкі вайскоўцаў прадстаўнікі грамадскага аб'яднання «Віцебскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Полымя», навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча і кадэты Маскоўскай школы № 760 імя А. Марасьева.

– Вельмі важна, што абаронцы нашай Радзімы спачываюць нават праз 78 гадоў пасля сваёй смерці, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, падкрэсліўшы, што важна прыцягваць моладзь да працы па ўшанаванні памяці загінуўшых герояў. – Мы кажам гэтым воінам дзякуй за тое, што жывем пад чыстым небам, у свабоднай краіне, маем права размаўляць на роднай мове, будаваць будучыню нашых дзяцей.

На жаль, прозвішчы загінуўшых не ўстаноўлены. Сярод прадметаў, якія былі знойдзены падчас раскопак, фрагменты зброі, рэчы часоў Вялікай Айчыннай вайны, адзін адкрыты медальён, па якім праводзілася экспертыза, але прачытаць напаўзнішчаную запіску не ўдалося.

Па словах старшыні Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктара Дарожкіна, у раёне кожнае воінскае пахаванне пастаўлена на ўлік, шэфства над імі нясуць не толькі мясцовыя жыхары, але і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў. Віктар Васільевіч уручыў юным пошукавікам-патрыётам, якія прымалі ўдзел у правядзенні пошукавай экспедыцыі, падзячныя лісты і падзякаваў за неабыякавасць.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых. Пры пахаванні астанкаў абаронцаў Айчыны прагрымеў салют, на брацкую магілу ўсклалі вянкі і кветкі.

У воінскіх пахаваннях №8013 адзінае месца спачыну знайшлі 125 невядомых воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 2020 годзе тут пахавалі астанкі 42 вайскоўцаў, у 2021-м – 83. Прозвішчы не ўстаноўлены. Усяго ў 2022 годзе ў Віцебскім раёне падняты астанкі 138 вайскоўцаў Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З 2 па 11 жніўня пошукавыя работы праходзяць на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета.

"Віцебскія весці".