У Віцебскім раёне перапахавалі астанкі 30 чырвонаармейцаў

У аграгарадку Копці Віцебскага раёна сёння перапахавалі астанкі 30 воінаў Чырвонай арміі, выяўленыя беларускімі і расійскімі пошукавікамі.

Палявыя пошукавыя работы з 10 па 19 мая праводзілі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна сумесна з Маскоўскай абласной рэгіянальнай грамадска-патрыятычнай арганізацыяй "Заходні рубеж". Усяго выяўлены астанкі 30 воінаў, імёны 19 з якіх устаноўлены. Для такога значнага выніку пошукаў гэта рэдкасць. "У мінулым годзе былі падняты астанкі 468 чалавек. Гэта чырвонаармейцы і афіцэры Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі і мірныя жыхары. І імёны толькі двух з тых, хто ў 2021 годзе быў пахаваны, мы ведаем. Сённяшняя жалобная цырымонія для нас асабліва значная, бо праходзіць напярэдадні Дня Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Хутка мы адзначым чарговую гадавіну пачатку аперацыі "Баграціён" - дату, з якой пачалося вызваленне і Віцебшчыны, і ўсёй Беларусі. Тут знаходзяцца людзі, якія дзясяткі гадоў займаюцца няпростай пошукавай працай. Дзякуй тым, хто з дня ў дзень, са года ў год працягвае гэту святую і вельмі важную для ўсіх нас працу", - сказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, які прысутнічаў на цырымоніі перапахавання.

Сярод чырвонаармейцаў, якія сёння на воінскіх пахаваннях знайшлі свой апошні спачын, былі 19 байцоў асобнага лыжнага батальёна 274-й стралковай дывізіі. Атрад загінуў 31 снежня 1943 года. Ён удзельнічаў у наступальнай аперацыі паблізу вёсак Лобаны і Зазыбы. Менавіта іх імёны сталі вядомыя пошукавікам пасля вывучэння архіваў. "У ваенныя гады няправільна запісалі назву населеных пунктаў, і спачатку мы сталі шукаць не ў тым месцы. Пазней дзякуючы сваяку аднаго з загінулых устанавілі правільную лакацыю. Байцы ў агульным месцы пахавання знаходзіліся на рознай глыбіні. Хутчэй за ўсё, гэта была варонка ад выбуху, ад якога і загінулі чырвонаармейцы", - распавёў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага маладзёжнага грамадскага аб'яднання "Ваенна-патрыятычны клуб "Пошук" Анатоль Бурда.

Пашанаваць памяць загінулага сваяка сяржанта Васіля Ісаева прыехаў з Масквы яго пляменнік - падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Аляксандр Папоў. Ён распавёў, што па просьбе маці шукаў звесткі аб яе браце з 2009 года. Ён высветліў, што ў дакументы закралася памылка і назвы вёсак пераблыталі, таму пошукавікі і не знайшлі з першай спробы астанкі чырвонаармейцаў. Дапамог фрагмент карты, дзе пазначаліся менавіта гэтыя вёскі. Яго наклалі на сучасныя геаданыя і высветлілі, дзе размешчана агульнае пахаванне лыжнага батальёна. "Яго выявілі толькі восенню мінулага года. Тут і быў пахаваны мой дзядзька. Да гэтага інфармацыю аб ім я шукаў у архівах Міністэрства абароны, у адкрытых крыніцах. Потым пазнаёміўся з мясцовымі пошукавікамі, якія ўзнялі з зямлі астанкі ўсіх байцоў батальёна і іншых воінаў-чырвонаармейцаў. На жаль, мама не змагла прыехаць, бо ёй ужо 84 гады, а я прыбыў, каб пашанаваць памяць дзядзькі", - падзяліўся маскоўскі госць.-0-

"БЕЛТА"