«Віцебская лыжня-2022» сабрала ў Гарадку каля паўтары тысячы ўдзельнікаў і гледачоў

- Гэтае свята - не толькі паказчык таго, што мы звяртаем увагу на спорт, развіваем яго, - адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Гэта і магчымасць сустрэцца на прыродзе, змяніць від дзейнасці, пагутарыць і зарадзіцца пазітыўнымі эмоцыямі.
Аляксандр Субоцін пажадаў спартсменам цікавай бескампраміснай барацьбы і заслужанай перамогі. Акрамя таго, ён узнагародзіў ганаровымі граматамі аблвыканкама ўдзельнікаў каманды Віцебскага аблвыканкама, якая заняла першае месца ў біятлоннай эстафетнай гонцы сярод каманд вышэйшых органаў улады ў спартыўна-масавым мерапрыемстве «Мінская лыжня -2022».





Алімпійскі агонь на спартыўна-мастацкае свята разам з яго талісманамі даставілі спецыяльным транспартам, прадастаўленым Віцебскім абласным упраўленнем МНС Рэспублікі Беларусь. Заслужаны майстар спорту СССР, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Маскве 1980 года, трохразовы чэмпіён свету, чатырохразовы ўладальнік Кубка свету Ігар Каныгін перадаў ганаровае права запаліць агонь абласнога спартыўна-мастацкага свята «Віцебская лыжня-2022» старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Субоціну.












Зборная ад Віцебскага аблвыканкама прыняла ўдзел у першым забегу па-за конкурсам і паказала найлепшы вынік. У межах заліку першага заезду «золата» заваявала каманда Віцебскага гарвыканкама, другое месца заняў Аршанскі райвыканкам, замкнуў тройку лідараў Віцебскі гарвыканкам.


Як пазначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, у Гарадку створана выдатная спартыўная база, каб праводзіць спаборніцтвы высокага ўзроўню.
- Такім мерапрыемствам жыць! – заявіў Уладзімір Цярэнтаў. – Трэба прыцягваць да іх як мага больш працоўных і вучнёўскіх калектываў, спартсменаў і прыхільнікаў здаровага ладу жыцця.
Хоць галоўная кульмінацыя свята традыцыйна разгарнулася на лыжнай трасе, не менш горача было і на іншых спартыўных пляцоўках. Жыхары вобласці мераліся сілай у армрэслінгу, гіравым спорце. Аматары інтэлектуальных баталій змаглі паспаборнічаць у шашках і шахматах. Спартыўна-забаўляльная праграма ўнесла дадатковую святочную ноту ў форум аматараў спорту, фізічнай культуры і актыўнага адпачынку.



