Віцебская вобласць вызначылася з кандыдатамі ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання

Усяго вылучана восемь кандыдатур. Абмеркаванне прэтэндэнтаў у верхнюю палату парламента адбывалася на сумесным пасяджэнні прэзідыумаў мясцовых Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў.

Так, Верхнядзвінскі і Полацкі раёны прагаласавалі за вылучэнне генеральнага дырэктара ААТ «Полацк-Шкловалакно» Іллі Ікана. Кіраўнік горадаўтваральнага прадпрыемства ўжо зарэкамендаваў сябе як чалавек справы.

Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі і Шумілінскі раёны ў Савеце Рэспублікі можа прадставіць генеральны дырэктар дзяржаўнай установы «Цэнтр культуры „Віцебск“» Глеб Лапіцкі. У Віцебску прапанавалі кандыдатуру вопытнага кіраўніка – начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама, дзеючага члена верхняй палаты парламента Ірыны Ляўковіч.

У лік кандыдатаў таксама ўвайшлі старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч (Глыбокскі, Докшыцкі, Лепельскі і Ушацкі раёны); начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Меляшкін (Браслаўскі, Мёрскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі раёны). Бешанковіцкі, Сенненскі, Талачынскі і Чашніцкі раёны прапанавалі кандыдатуру кіраўніка паспяховага прадпрыемства – генеральнага дырэктара ППТУП «Вітбудтэхмаш» Андрэя Сідарава. Інтарэсы жыхароў Дубровенскага і Аршанскага раёнаў у выпадку абрання зможа прадстаўляць начальнік Аршанскага вагоннага дэпо унітарнага прадпрыемства «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» Барыс Ціхаміраў, а жыхароў Наваполацка і Расонскага раёна – дырэктар прадстаўніцтва Беларускага рэспубліканскага унітарнага страхавога прадпрыемства «Белдзяржстрах» па горадзе Наваполацку Алена Фурс.

Пасля рэгістрацыі кандыдатаў у Цэнтрвыбаркаме 4 красавіка адбудуцца выбары членаў Савета Рэспублікі восьмага склікання па ўсёй краіне на сумесным пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню шляхам таемнага галасавання.

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і складаецца з 64 членаў.

Восемь членаў Савета Рэспублікі прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а астатнія абіраюцца на аснове ускоснага выбарчага права пры таемным галасаванні па восем членаў Савета Рэспублікі ад кожнай вобласці і горада Мінска на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска.

Членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэрыторыі адпаведнай вобласці, горада Мінска не менш за пяць гадоў.