Віцебская вобласць адправіла гуманітарны груз перасяленцам з Украіны

Чырвоны Крыж Віцебскай вобласці адправіў гуманітарную дапамогу на мяжу Гомельшчыны і Украіны. Яе перададуць праз Гомельскую абласную арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа. Канечны пункт грузу, а гэта дзве тоны харчавання, санітарна-гігіенічных сродкаў, – прыгранічная вёска Поддобраўка, дзе разгарнуўся намётавы лагер Беларускага Чырвонага Крыжа.

 Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава дзяліцца падрабязнасцямі:

– Гуманітарная дапамога прызначана для грамадзян Украіны, якія перайшлі мяжу ў пошуках мірнага, спакойнага жыцця ў нашай краіне. Каб падтрымаць гэтых дарослых і дзяцей у няпросты для іх час, мы накіроўваем у Поддобраўку санітарна-гігіенічныя наборы, дзіцячае харчаванне і печыва, агароднінныя кансервы. Дзякуй усім спонсарам, якія адгукнуліся і дапамаглі: грамадскаму аб'яднанню «Белая Русь», ААТ «Віцебскхлебпрам», прыватнаму прадпрыемству «Белфуд Прадакшн», ААТ «Віцебскмясамалпрам»! Будзем удзячныя ўсім жыхарам нашага рэгіёну, якія вырашаць перавесці на разліковы рахунак Чырвонага Крыжа дабрачынныя ахвяраванні. Грошы абавязкова стануць адраснай дапамогай тым, хто зараз асабліва ў гэтым мае патрэбу.  

Па словах Галіны Пятроўны, толькі за апошні час у Віцебскай вобласці зарэгістраваны 21 грамадзянін Украіны, які звярнуўся ў міграцыйную службу для атрымання дадатковай абароны.

І гэта яшчэ не ўсё, працягвае суразмоўніца:

– Таксама да нас звярнуліся 14 чалавек, якія могуць на працягу 30 дзён знаходзіцца ў Беларусі без статусу бежанца. Некаторыя з іх маюць патрэбу ў медыцынскіх прэпаратах, напрыклад, інсуліне. Усе гэтыя пытанні неабходна аператыўна вырашаць, вядзецца сур'ёзная праца. У 2014 годзе ў Віцебскую вобласць прыехалі 7 тысяч украінцаў, з іх дзесьці палова інтэгравалася і называе нашу краіну другім домам. Цяпер з зоны ўзброенага канфлікту да іх едуць родныя і знаёмыя.

 


Чырвоны Крыж дапамагае як тым, хто накіроўваецца ў Беларусь па гуманітарным калідоры, так і ўкраінцам, якія мэтанакіравана дабіраюцца на Віцебшчыну праз Польшчу, тэрыторыю Брэсцкай вобласці. Усім ім патрэбны элементарныя бытавыя зручнасці, рэчы, ежа, дах над галавой…

Пакуль што наконт прадастаўлення жылля ў Чырвоны Крыж звярнулася толькі адна сям'я. Людзі знаходзяцца ў шокавым стане, дзеліцца Галіна Пятроўна:

– Вядома, іх трэба падтрымаць, што мы і робім. Мне вельмі імпануе адкрытасць, неабыякавасць жыхароў Віцебшчыны. Уявіце, яны пішуць нам у Чырвоны Крыж лісты з гатоўнасцю прытуліць у сябе перасяленцаў з Украіны. У кожным радку шчырае спачуванне і рэальнае жаданне дапамагчы. Ці не лепшы гэта прыклад вялікага сэрца беларусаў і таго, што ў любы, нават самы цёмны час галоўнае – заставацца людзьмі!

 


 


 


 


 


 


 


 


 



"СБ" і "БЕЛТА"