Віцебская вобласць перавыканала план па летнім аздараўленні дзяцей

План па летнім аздараўленні дзяцей у Віцебскай вобласці перавыкананы на 4 працэнты, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.


– Па папярэдніх даных, з пачатку летняй кампаніі аздароўлена каля 41 тысячы дзяцей пры плане ў 39,4 тысячы, – праінфармавалі ў цэнтры. – Сярэдняя запаўняльнасць лагераў з кругласутачным знаходжаннем склала 100 працэнтаў. План перавыкананы на 4 працэнты.

У летні перыяд у рэгіёне функцыянаваў 71 кругласутачны лагер, з іх 30 стацыянарных загарадных аздараўленчых, спартыўна-аздараўленчых лагераў, 2 лагеры на арандаваных базах і 606 аб'ектаў з дзённым знаходжаннем дзяцей. У 66 лагерах працы і адпачынку адпачылі і папрацавалі 1227 падлеткаў. Хлопцы выконвалі работы па добраўпарадкаванні і азеляненні, рамонце школ і школьнай мэблі, пашыве спецадзення, доглядзе за раслінамі і інш. Сярэдні заробак склаў 250–460 рублёў.

– Асаблівая ўвага надавалася аздараўленню дзяцей, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, – падкрэслілі ў цэнтры. – Рознымі формамі аздараўленчых мерапрыемстваў было ахоплена 1811 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 381 дзіця-інвалід, 5164 дзіцяці з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў. Для гэтых катэгорый дзяцей прадугледжаны сродкі на даплату да поўнага кошту пуцёвак за кошт абласнога, раённых бюджэтаў і бюджэту горада Віцебска.

На асаблівым кантролі таксама знаходзілася аздараўленне і занятасць падлеткаў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Рознымі формамі аздараўленчых мерапрыемстваў і працоўнай дзейнасці было ахоплена 1062 падлетка.

– У цэлым аздараўленчая кампанія 2021 года на Віцебшчыне прайшла паспяхова, – рэзюмавалі ў цэнтры. – Гэтаму спрыялі адказнае стаўленне да аздараўлення дзяцей усіх зацікаўленых службаў, фінансавыя ўкладанні ўласнікаў аздараўленчых лагераў і дапамога гарадскіх, раённых і абласных бюджэтаў у падрыхтоўцы аб'ектаў. Усяго на падрыхтоўку лагераў у вобласці было зрасходавана больш за 3 мільёны рублёў.

Як паведамлялася раней, сродкі на падрыхтоўку лагераў напярэдадні летняга сезона выдзяляліся пад канкрэтныя работы. Так, за кошт сродкаў рэспубліканскага суботніка ў аздараўленчым лагеры «Лясная казка» ААТ «Віцебскхлебпрам» адрамантавалі дах сталовіцы. У аздараўленчым лагеры «Ліпкі» СКУП «Віцебскі ДСК» замянілі кухоннае абсталяванне. У лагеры «Ленок» ААТ «Аршанскі льнокамбінат» замянілі ўваходныя дзвярныя групы. ААТ «Нафтан» на падрыхтоўку лагера «Камета» выдаткавала больш за 1 мільён рублёў, пабудаваўшы шыкоўны амфітэатр на 500 месцаў, усталяваўшы вулічны трэнажорны антывандальны комплекс, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі і гарадок з горкамі.

"СБ".