Віцебская вобласць прыняла ўдзел у адкрыцці рэспубліканскага музейнага праекта «За Беларусь! 17 верасня — Дзень народнага адзінства»
Такія заявы прагучалі падчас адкрыцця маштабнага рэспубліканскага музейнага праекта «За Беларусь! 17 верасня — Дзень народнага адзінства», які з дапамогай сучасных камунікацыйных тэхналогій звязаў са сталіцай усе абласныя цэнтры. Ён падрыхтаваны Нацыянальным гістарычным і абласнымі краязнаўчымі музеямі.
Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, у верасні 1939 года наша краіна набыла тэрытарыяльную цэласнасць, а народ уз'яднаўся.
— Гэта знакавая падзея ў жыцці краіны. Вельмі сімвалічна, што музейны праект стартаваў напярэдадні свята, якое мы будзем адзначаць упершыню. І вельмі важна, што выставы разгорнуты па ўсёй краіне, і экспазіцыі будуць пастаянна дзеючымі на працягу года — Года народнага адзінства. Неабходна ведаць гісторыю сваёй краіны, бо без мінулага няма будучыні. І галоўнае — павінны ведаць гістарычную праўду, а таксама зрабіць усё для захавання адзінай краіны і адзінага народа, у тым ліку для будучых пакаленняў, — адзначыла Наталля Качанава.
Ад Віцебшчыны ўдзельнікаў праекта прывіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін і дырэктар абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.
— Глыбока сімвалічна, што 17 верасня мы адзначаем такі цудоўны свята. Беларусь была фактычна разарвана Рыжскай дамовай, таму беларусы, якія пражывалі ў такіх гарадах, як Браслаў, Мёры, Шаркаўшчына, Глыбокае, Докшыцы, Паставы, апынуліся адарваны і ад сваёй зямлі, і ад сваіх сем'яў. І толькі дзякуючы пераможнаму шэсцю Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года яны змаглі ўз'яднацца. У гэтым кантэксце я заўсёды ўспамінаю Глыбокае, дзе захаваліся два цудоўных храма — праваслаўны і каталіцкі. Створы брамы культавых збудаванняў накіраваны адзін на аднаго, а аб'ядноўвае іх адна плошча, якая яшчэ з савецкіх часоў носіць назву «17 верасня», — адзначыў Уладзімір Церанцьеў.
Разгорнутая ў абласным краязнаўчым музеі выстава, прысвечаная Дню народнага адзінства, знаёміць наведвальнікаў з фотаздымкамі, дакументамі, газетнымі публікацыямі, дае магчымасць адчуць дух падзей верасня – лістапада 1939 года. На выставе прадстаўлены матэрыялы з фондаў музеяў Глыбокага, Браслава, Мёр, Германовічаў. Другая частка экспазіцыі прысвечана нематэрыяльна-культурнай спадчыне Віцебшчыны. Туды ўваходзіць 17 элементаў, якія атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У іх ліку традыцыі ажурнага ткацтва і пісанак, тэхналогіі спіральнага пляцення і вырабу гліняных цацак, а таксама інсітнае (наіўнае) мастацтва і мастацтва выцінанкі. Трэці раздзел распавядае пра сённяшні дзень развітога ў эканамічным плане рэгіёна, яго прамысловы комплекс.
Абмеркаванне найважнейшых для краіны пытанняў захавання гістарычнай памяці, якія набываюць асаблівую актуальнасць ва ўмовах знешняга ціску на нашу краіну, удзельнікі музейнага праекта працягнулі за круглым сталом на тэму «Дзень народнага адзінства як сімвал кансалідацыі беларускага народа». Вядомыя вучоныя на аснове гістарычных фактаў пераканаўча паказалі, чаму для беларускага народа ўз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР — гэта акт гістарычнай справядлівасці, а паралельна развянчалі шэраг міфаў, якія нам спрабуюць навязаць з-за мяжы наконт тых падзей. Любая святочная дата ў нашай гісторыі павінна мець магутную гістарычную аснову, падкрэсліў рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Даніловіч.
— Калі паглядзець на гісторыю Беларусі ў цэлым, то самы яркі момант ва ўз'яднанні нашага народа адбыўся менавіта восенню 1939 года. На жаль, па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, які стаў вынікам Савецка-польскай вайны, Заходняя Беларусь была ўключана ў склад польскай дзяржавы. Фактычна адзін народ, беларусы, быў падзелены на дзве часткі. І таму для нас уз'яднанне народа восенню 1939 года — гэта значная падзея. Таксама важна, што менавіта ў гэтым годзе прынята рашэнне аб святкаванні 17 верасня Дня народнага адзінства. Тут і гістарычная пераемнасць, і сувязь з сучаснасцю, падзеямі, якія адбываюцца ў геапалітычнай прасторы, — адзначыў Вячаслаў Даніловіч — кандыдат гістарычных навук, які спецыялізуецца на гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 1921 – 1939 гады.
Па выніках працы круглага стала, арганізаванага Саветам Рэспублікі, Міністэрствам інфармацыі і Міністэрствам культуры, прынята рэзалюцыя. У ёй, у прыватнасці, адзначаецца, што ўз'яднанне восенню 1939 года Заходняй Беларусі з БССР стала найважнейшым крокам на шляху да незалежнасці і суверэннага развіцця сучаснай Беларусі. 17 верасня сімвалізуе непарушнасць тэрытарыяльнай і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі. Акрамя таго, умацаванне адзінства народа Беларусі і дасягненне грамадскай згоды з'яўляюцца сёння вызначальнымі фактарамі далейшага паступальнага развіцця краіны, а захаванне гістарычнай памяці — прыярытэтнай задачай для палітыкаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Усё гэта сёння выяўляе маральны дух народа Беларусі, нацэленага вырашаць найважнейшыя гістарычныя задачы.
Удзельнікі круглага стала заклікаюць усіх, хто неабыякавы да лёсу Айчыны, прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць галоўную каштоўнасць — адзінства і згуртаванасць народа, мір і спакой на беларускай зямлі. «У гэтым сіла суверэннай Беларусі і залог яе квітнеючай будучыні», — гаворыцца ў дакуменце.