Віцебскае аблспажыўтаварыства ў 2023 годзе мадэрнізуе вытворчасць і набые новае абсталяванне

Витебское облпотребобщество в 2023 году модернизирует производство и приобретет новое оборудование

Віцебскае аблспажыўсаюз мае намер інвеставаць у 2023 годзе ў развіццё свайго прамысловага комплексу 3 млн рублёў. Пра гэта паведаміла сёння старшыня праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза Таццяна Назарава на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, на якім разглядаліся вынікі работы арганізацыі за 2022 год і яе задачы на новы гадавы перыяд.


Паводле яе слоў, гэта будуць уласныя і запазычаныя рэсурсы, а таксама сродкі Белкаапсаюза, якія накіруюць на мадэрнізацыю дзейных цэхаў і вытворчых падраздзяленняў саюза, набыццё новага абсталявання:

- Наша асноўная задача на 2023 год – забяспечыць эфектыўную працу, без выхаду на якую не можа быць і далейшага развіцця. З гэтай мэтай распрацаваны і зацверджаны бізнес-план, які прадугледжвае абнаўленне нарыхтоўчага і прамысловага комплексу. Апошні прадстаўлены больш чым 500 найменнямі нашай уласнай прадукцыі. Перапрацоўваем усё, што нарыхтоўваем: плады, садавіну, гародніну. Напрыклад, мы перапрацавалі больш за 80% аб'ёму нарыхтаваных летась яблыкаў. Такі падыход спрыяе павелічэнню рознічнага таваразвароту і таваразвароту грамадскага харчавання.

Таццяна Назарава адзначыла, што ў цяперашні час 74% таваразвароту аблспажыўсаюза фарміруецца за кошт абслугоўвання вяскоўцаў. Трэць крам арганізацыі знаходзіцца ў населеных пунктах з колькасцю менш за 200 чалавек, многія з іх аддаленыя:

- У нашым аўтапарку 115 аўтакрам, якія абслугоўваюць жыхароў 3,8 тыс. вёсак і сёл вобласці. 89% гэтых населеных пунктаў з колькасцю да 50 чалавек. Таму наша сістэма адчувае цяжкасці. Але не ўсе рэзервы для павышэння эфектыўнасці працы вычарпаны. Мы бачым магчымасці развіцця за кошт абнаўлення прамысловага комплексу і павелічэння нарыхтоўчай дзейнасці. Таксама нацэлены на ўдасканаленне гандлёвага абслугоўвання вяскоўцаў, у тым ліку за кошт набыцця новых аўтакрам. Летась з гэтай мэтай арганізацыя закупіла дзевяць машын, у 2023-м плануем папоўніць наяўны аўтапарк яшчэ на восем. Гэта дазволіць павялічыць асартымент за кошт большай зоны выкладкі тавараў.

Дакранаючыся дзейнасці структурных падраздзяленняў, Таццяна Назарава вылучыла Пастаўскі філіял. За апошні квартал ён вельмі актыўна працаваў:

- Гэта адзін з асноўных прамысловых комплексаў на тэрыторыі вобласці. Па выніках 2022 года прамысловая галіна ўсёй абласной структуры, у тым ліку дзякуючы яму, забяспечыла прырост у аб'ёмах вытворчасці на 115%. 

"СБ"