"Віцебскхлебпрам" наладзіў вытворчасць брэндавага каравая ручной работы
Тэхнолагі ААТ "Віцебскхлебпрам" пры стварэнні рэцэптуры выкарыстоўвалі свой багаты вопыт у вырабе заварнога хлеба, традыцыі выпякання якога на прадпрыемстве налічваюць ужо амаль 40 гадоў, і сучасныя тэхналогіі. "Каравай Прыдзвіння" атрымаўся пышным, мяккім, духмяным, з насычаным кісла-салодкім густам, а агульная вага такога прыгажуна складае 2,2 кг.
"Гэта хлеб ручной вытворчасці, рыхтуецца на заквасцы працяглага браджэння, і поўны цыкл вытворчасці займае больш за 20 гадзін. Менавіта таму мы вырабляемы яго ў невялікай колькасці і за змену робім тры замесы цеста. Пакуль рэалізуем у фірменнай гандлёвай сетцы ў разрэзаным выглядзе, а цэлыя караваі выпякаем на заказ. У Санкт-Пецярбургу "Каравай Прыдзвіння" прыйшоўся па густу і журы, і ўдзельнікам выставы "Аграрусь-2022", якая завяршылася днямі, так што навінка амаль з пылу з жару апынулася на п'едэстале гонару, атрымаўшы залаты медаль, чаму мы вельмі рады. Таксама хлеб-каравай пабываў і ў Пскове на днях Віцебскай вобласці і таксама атрымаў ад гасцей свята станоўчыя водгукі", - адзначыла Таццяна Каваленка.
На прадпрыемстве вырабляюць два віды навінкі - духмяны на мёдзе і звычайны, у абодва таксама дадаткова дадаюць спецыі. Цэлыя караваі ўпрыгожваюць лагатыпам "Віцебскхлебпрама" або беларускім арнаментам, і гэты малюнак захоўваецца на хрумсткай скарынцы.
Новая распрацоўка віцебскіх пекараў з'явілася дзякуючы ініцыятыве старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Суббоціна. Хлеб-каравай павінен стаць своеасаблівай візіткай Віцебшчыны, бо з ім плануюць сустракаць дэлегацыі з далёкага і блізкага замежжа.