Вячаслаў Дурноў павіншаваў хрысціян каталіцкай канфесіі і асабіста біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з Вялікаднем
Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў павіншаваў усіх хрысціян каталіцкай канфесіі і асабіста біскупа Віцебскага Алега Буткевіча са святам Уваскрасення Хрыстова. Сустрэча праходзіла ў кафедральным саборы Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
– Гэта цудоўнае свята, якога чакаюць людзі, таму што яно нясе ў сабе глыбокі духоўны сэнс. У нашай шматнацыянальнай краіне паважаюць вернікаў розных веравызнанняў. Нямала змешаных сем'яў, дзе муж праваслаўны, а жонка каталічка, і ў іх пануе лад. А што трэба для жыцця? Мір, узаемаразуменне, любоў, – адзначыў Вячаслаў Дурноў.
Кіраўнік Віцебскай каталіцкай епархіі падкрэсліў, што свята Уваскрасення Хрыстова – гэта свята перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом.
– Гэта свята нясе ў сабе ідэю аб'яднання чалавека з Богам, з самім сабой, аб'яднанне паміж людзьмі, што асабліва актуальна сёння і ў нашай краіне, і ва ўсім свеце, – падкрэсліў Алег Буткевіч.
Таксама біскуп адзначыў: важна, каб, перажываючы Уваскрасенне Хрыстова, мы руйнавалі сцяну варожасці і будавалі масты паміж блізкімі і ва ўсім свеце.
У велікодныя дні прынята дапамагаць бедным, людзям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, хворым, дзецям.
"Віцебскія весці"