Уладзімір Церанцьеў: «Новая партыя будзе адкрыта для ўсіх, хто неабыякавы да лёсу суверэннай Беларусі»

Владимир Терентьев: «Новая партия будет открыта для всех неравнодушных к судьбе суверенной Беларуси»
На палітычным полі Беларусі неўзабаве з'явіцца новая партыя. На бягучым тыдні ў Мінску прайшло першае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па стварэнні палітычнага аб'яднання, аснову якога складуць члены рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Белая Русь».

У мерапрыемстве ўдзельнічалі і прадстаўнікі Віцебшчыны. Пасля вяртання з Мінска кіраўнік абласной арганізацыі «Белая Русь», старшыня абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання Уладзімір Цярэнцьеў спецыяльна для «Віцебскіх вестак» пракаментаваў прынятыя аргкамітэтам рашэнні.

— Уладзімір Уладзіміравіч, размовы аб пераўтварэнні «Белай Русі» ў партыю вядуцца дастаткова даўно. Якія аргументы сталі вырашальнымі для таго, каб паставіць кропку ў гэтым пытанні?

— Сапраўды, дыскусія па гэтым пытанні вядзецца не першы год, вывучаецца грамадскае меркаванне. А сур'ёзным штуршком да прыняцця канчатковага рашэння сталі, хутчэй за ўсё, падзеі 2020 года. Тады, па сутнасці, неарганізаваная апазіцыя вываліла на вуліцы, а сярод тых, хто абараняў канстытуцыйны лад, апынуліся ў асноўным прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Гэта значыць тыя, чые асноўныя задачы звязаны перш за ўсё з рэалізацыяй сацыяльных праектаў і ініцыятыў. У новай палітычнай сітуацыі мы востра адчулі неабходнасць стварэння партыі, якая б падтрымлівала прэзідэнцкі стратэгічны курс развіцця краіны, якая будзе выказваць і абараняць інтарэсы беларускага народа, у тым ліку ў рэалізацыі канстытуцыйных правоў, якія змяшчаюцца ў абноўленай рэдакцыі Асноўнага закона краіны.

У склад аргкамітэта па стварэнні новай партыі ўвайшлі не толькі прадстаўнікі «Белай Русі», але і шырокага спектру структур грамадзянскай супольнасці — Саюза афіцэраў, ветэранскай арганізацыі, РГАА «Беларускае таварыства «Веды» і іншых. Мы ўжо бачым зацікаўленасць у партыйным будаўніцтве актывістаў моладзевых, жаночых арганізацый. Сяброўства ў новай партыі будзе адкрыта і для грамадзян, якія пакуль яшчэ не ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці.

Падкрэслю: гаворка ідзе не пра пераўтварэнне адной арганізацыі ў іншую, а пра стварэнне новага палітычнага суб'екта. У сваю чаргу «Белая Русь» працягне працу як грамадскае аб'яднанне.

— Першы крок зроблены. Што далей?

— Цяпер пачынаецца падрыхтоўчая праца ў рэгіёнах, рыхтуецца правядзенне збораў ініцыятыўных груп. Правесці ўстаноўчы з'езд вырашана 18 сакавіка.

Паводле заканадаўства, палітычная партыя будуецца выключна па тэрытарыяльным прынцыпе і павінна мець Мінскую гарадскую і абласныя арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях Беларусі, а таксама раённыя і (або) гарадскія арганізацыйныя структуры не менш чым у адной трэці раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання кожнай з абласцей. Для стварэння і дзейнасці партыі неабходна не менш за 5000 заснавальнікаў.

Так што самы важны крок зроблены – створана ініцыятыўная група. Справа за вырашэннем арганізацыйных пытанняў. Пакуль ідзе дыскусія наконт назвы партыі, варыянты будуць вынесены на грамадскае абмеркаванне. Верагодна, да ўстаноўчага з'езда з'явіцца пэўнасць і ў гэтым аспекце.

— Якія настроі з гэтай нагоды ў абласной арганізацыі «Белай Русі»?

— Безумоўна, не ўсе нашы актывісты стануць партыйцамі, многім бліжэй грамадская дзейнасць на сацыяльнай ніве. Трэба сказаць, за больш чым 15-гадовую гісторыю арганізацыя зарэкамендавала сябе надзейным партнёрам дзяржавы ў рэалізацыі сацыяльных праектаў. Па маёй ацэнцы, прыкладна чвэрць дзейных членаў абласной арганізацыі гатовыя праявіць сябе ў палітычнай працы. Акрамя таго, жаданне далучыцца да новай партыі выказваюць прадстаўнікі і іншых грамадскіх арганізацый Віцебшчыны.

"Віцебскія весці"