Уладзімір Церанцьеў: «Да абмеркавання праекта праграмы прыцягнуты не толькі члены ініцыятыўных груп, але і прадстаўнікі структур грамадзянскай супольнасці»

Віцебшчына ўключылася ў абмеркаванне праекта праграмы стваранай Беларускай палітычнай партыі «Белая Русь». У дакуменце прадстаўлена пазіцыя палітычнай арганізацыі па асноўных напрамках развіцця Беларусі, якую яна будзе адстойваць з апорай на народныя масы, захоўваючы пераемнасць і ўдасканальваючы курс, які праводзіцца ў краіне, на пабудову сацыяльнай дзяржавы.

З 28 лютага тэкст размешчаны на сайце РГА «Белая Русь» і створана сістэма зваротнай сувязі. Па словах кіраўніка абласной арганізацыі «Белая Русь», старшыні абласнога Савета дэпутатаў 28 склікання Уладзіміра Церанцьева, які з'яўляецца членам рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта, у працэс абмеркавання праекта дакумента ўцягнуты не толькі члены ініцыятыўных груп, але і прадстаўнікі структур грамадзянскай супольнасці. Таксама да яго падключыліся працоўныя калектывы, моладзевая аўдыторыя, ветэраны, экспертная супольнасць. Для палітычнай арганізацыі, якая пазіцыянуе сябе як партыя народнай большасці, важна пачуць шырокі спектр меркаванняў, каб на выхадзе атрымаўся прадукт калектыўнай творчасці масаў, адзначыў Уладзімір Церанцьеў.

Па яго словах, на пасяджэнні аргкамітэта ў Мінску падкрэслівалася, што партыя будзе прытрымлівацца цэнтрысцкіх поглядаў, пры гэтым у любой палітычнай праграме можна знайсці канструктыўныя ідэі для ўзаемадзеяння.

Праект сфарміраваны ў традыцыйным фармаце і складаецца з прэамбулы і пяці раздзелаў з апісаннем стратэгіі дзеянняў па пытаннях палітычнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця, знешняй палітыкі Беларусі. У палітычнай сферы неабходна забяспечыць непахіснасць канстытуцыйнага ладу, выкананне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека, фарміраваць палітычна актыўнае грамадзянскае грамадства. Пры гэтым адной з ключавых унутрыпартыйных задач з'яўляецца фарміраванне кадравага патэнцыялу партыі праз сістэмную працу з моладдзю, стварэнне сацыяльных ліфтоў для таленавітых і дзейных людзей, якія прайшлі школу моладзевых арганізацый, адзначыў Уладзімір Церанцьеў.

У эканамічнай сферы партыя прытрымліваецца неабходнасці захавання за дзяржавай кантролю над ключавымі, стратэгічна значнымі сектарамі эканомікі. У ліку прыярытэтаў павелічэнне дзяржаўных укладанняў у развіццё адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры і спорту як драйвераў інавацыйнага развіцця. «Белая Русь» мае намер падтрымліваць інстытут сям'і і папулярызацыю сямейных каштоўнасцей, а таксама традыцыйных для краіны рэлігій. Акрамя таго, арганізацыя выступае за захаванне двухмоўя, развіццё самабытнай беларускай культуры.

— Пры гэтым партыя не павінна падмяняць дзяржаўны апарат, трэба будзе выбудоўваць канструктыўнае ўзаемадзеянне, нацэленае на эфектыўнае развіццё Беларусі як сацыяльна арыентаванай дзяржавы, — лічыць Уладзімір Церанцьеў. Да ўстаноўчага з'езда БПП «Белая Русь», які намечаны на 18 сакавіка, трэба будзе сур'ёзна папрацаваць над тэкстам праекта. Дакумент вызначае прынцыпы дзейнасці партыі, таму важна, каб пры яго фарміраванні важка прагучаў голас рэгіёну.

"Віцебскія весці".