Унутраны турызм і аднаўленчыя праграмы пасля COVID-19. На што робяць стаўку санаторыі Віцебскай вобласці?
Падзенне попыту на нашы пуцёўкі сярод замежнікаў адзначае і Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Для параўнання: за першы квартал гэтага года ў нашых здраўніцах адпачыла 1,8 тыс. замежных грамадзян, а за аналагічны перыяд 2020-га іх было практычна ўтрая больш. Запаўняльнасць санаторыяў за справаздачны перыяд склала 70%.
Складзеныя абставіны прымусілі айчынныя санаторыі прыстасоўвацца да сітуацыі, шукаць новыя падыходы, каб заставацца на плаву.
– Усе 12 санаторна-курортных арганізацый вобласці распрацавалі і ўкаранілі праграмы аднаўленчага лячэння пасля перанесенай пнеўманіі, асацыіраванай з інфекцыяй COVID-19. Акрамя таго, з чэрвеня санаторыям прадастаўлена магчымасць вакцынацыі супраць каронавіруса для адпачывальнікаў замежнікаў на платнай аснове, – адзначыла начальнік прадстаўніцтва Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспуб-ліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Сняжана Цітова. – У цэлым, здраўніцы рэгіёну аказваюць 360 відаў медыцынскіх паслуг па лячэнні, прафілактыцы найбольш распаўсюджаных захворванняў апорна-рухальнага апарату, страўнікава-кішачнага тракту, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Разам з лячэбнымі і аднаўленчымі працэдурамі важнае месца займае клімататэрапія, асноўнымі прыроднымі фактарамі на тэрыторыі вобласці з'яўляюцца мінеральныя воды, торфагразі, азёрныя сапрапелі. Варта адзначыць, што ва ўсіх здраўніцах прыняты неабходныя меры па недапушчэнні распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі сярод работнікаў і адпачывальнікаў.
На сённяшні дзень у здраўніцах Віцебскай вобласці з 2,7 тыс. ложка-месцаў заняты каля 2,3 тыс., з іх па пуцёўках Рэспубліканскага цэнтра праходзяць санаторна-курортнае лячэнне больш за 600 чалавек, замежным грамадзянам прададзена каля 500 пуцёвак.
Па пуцёўках дзяржаўнага сацыяльнага страхавання працоўных жыхароў вобласці сёлета прымаюць Лепельскі ваенны санаторый, «Лясныя азёры», «Лётцы», філіял абласнога кардыялагічнага цэнтра «Жалезнякі», дзяцей – ДРАЦ «Жамчужына» і санаторый «Расінка». За кошт рэспубліканскага бюджэту інваліды і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, непрацуючыя інваліды I і II груп і іншыя льготныя катэгорыі могуць паправіць здароўе ў Лепельскім ваенным санаторыі. У гэтай жа ўстанове і ДРАЦ «Ветразь» праходзяць рэабілітацыю з дзяржпадтрымкай дзеці-інваліды.
Адзін з самых буйных санаторыяў на Віцебшчыне – «Лётцы», разлічаны на 324 месцы. Таму пытанне рэалізацыі пуцёвак не ў самыя лепшыя часы для галіны тут паўстала даволі востра. Свайго роду выратавальным кругам паслужыла ўключэнне прафсаюзнай здраўніцы ў пералік арганізацый па закупцы паслуг па санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні на 2021 год у межах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання.
– Гэта для нас вялікая падтрымка. На сённяшні дзень каля паловы адпачывальнікаў з ліку беларускіх грамадзян прыехалі да нас па пуцёўках сацыяльнага страхавання, – пракаментаваў дырэктар санаторыя «Лётцы» Аляксей Майсейчанка. – У цэлым, адзначаем рост унутранага попыту, у тым ліку дзякуючы той працы, якую мы праводзілі сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі да пачатку летняга сезона; актывізавалі паездкі ў зімовы перыяд, у тым ліку туры выхаднога дня. Гэта дапамагло нам запаўняцца цяпер. У цяперашні час каля 80% адпачывальнікаў – нашы суайчыннікі, хоць раней пераважалі замежныя госці і складалі не менш за 70%. Мы спадзяемся, што тыя расіяне, якія не змаглі да нас трапіць летась з-за абмежаванняў перамяшчэння, даедуць сёлета ўлетку. Разам з тым працягнем рабіць упор на ўнутраны рынак. Прыкладзем усе намаганні, каб арганізаваць безбар'ернае асяроддзе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на працягу года плануем прывесці ў адпаведнасць з іх патрэбамі тэрыторыю санаторыя, абсталяваць спецыяльны нумар для камфортнага прабывання такіх пастаяльцаў.
Прыцягнуць суайчыннікаў шмат у чым дапамагла праграма аднаўлення пасля каранавіруснай пнеўманіі. Урач-фізіятэрапеўт Наталля Герасімава адзначыла, што пульманалагічны профіль санаторыя стаў асабліва актуальным. У спецыяльны курс па аздараўленні лёгкіх уваходзіць шырокі пералік методык, прыродныя фактары, а менавіта сасновае паветра і мінеральныя воды, якія дапамагаюць пацыентам раздыхацца і аднавіць агульнае здароўе пасля перанесенага захворвання.
– Хларыдна-натрыевыя ванны з бромам і ёдам, вядомыя сваім агульным аздараўленчым дзеяннем, пашыраюць сасуды ў лёгкіх, паляпшаюць праходнасць бронхаў, а таксама добра ўплываюць на сардэчна-сасудзістую і нервовую сістэмы, што не менш важна пасля выхаду з каранавіруснай хваробы, – распавядае медык. – Таксама ў аднаўленчае лячэнне ўваходзяць мясцовыя аплікацыі з сапрапелевых гразяў, азакерыту. Усемагчымыя апаратныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры на вобласць грудной клеткі дазваляюць паменшыць фіброз лёгкіх пасля «кавідных» пнеўманій.
Большасць методык мясцовыя спецыялісты ўжывалі і раней – пры працы з пацыентамі з хранічнымі захворваннямі бронхалёгачнай сістэмы. Некаторыя ўкаранілі, так бы мовіць, на злобу дня. У прыватнасці, з сёлетняга года ў «Лётцах» уладкавана саляная пячора ёмістасцю на 10 месцаў, сеансы спелеатэрапіі рэкамендаваны пры постковідных пнеўманіях і неўрозах. Фізіятэрапеўтычны кабінет папоўніўся апаратам для нутравеннага лазернага апрамянення крыві: дадзеная працэдура лічыцца дастаткова прагрэсіўнай, павышае ахоўныя сілы арганізма і ўмацоўвае сардэчна-сасудзістую сістэму, што таксама сёння актуальна.
– Новы каронавірус адбіваецца не толькі на лёгкіх. Праз нас прайшло нямала пацыентаў з паражэннем сасудаў галаўнога мозгу, сэрца, суставаў, цягліц, нервовай сістэмы пасля перанесенай інфекцыі. Гэта не толькі пажылыя людзі і пацыенты з хранічнымі захворваннямі, хоць такіх і большасць. У аднаўленчай тэрапіі мелі патрэбу і маладыя, і нават дзеці, – падзялілася назіраннямі Наталля Герасімава.
У сувязі з гэтым у барацьбе з наступствамі COVID-19 спатрэбіліся напрацоўкі санаторыя па ўсіх яго профілях.
Прыняты комплекс мер, прапрацоўка новых напрамкаў прыкладання сіл дапамаглі «Лётцам» у чэрвені працаваць практычна са стапрацэнтнай загрузкай.
Аналагічная сітуацыя назіраецца і ў шэрагу іншых санаторыяў Віцебшчыны. Аднак рабіць прагнозы аб тым, як завершыцца сезон ва ўмовах пастаянна зменлівай эпідсітуацыі – справа ненадзейная. З дакладнасцю можна сцвярджаць толькі адно: пандэмія паслужыла своеасаблівай "устрэскай" для айчыннай санаторна-курортнай гаспадаркі, якая павярнулася ў бок унутранага рынку, а беларусы змаглі па-новаму паглядзець і ацаніць тыя магчымасці для аздараўлення і адпачынку, якімі багаты наш край, а ў чымсьці не саступаюць замежным курортам.