Пытанні ўшанавання памяці загінулых абаронцаў Айчыны абмеркавалі ў Віцебскім раёне

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў на пасяджэнні штаба па бягучым рамонце аднаго з найбуйнейшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы воінскага пахавання ў Заронаве абмеркаваў пытанні мемарыялізацыі і ўшанавання памяці абаронцаў Віцебскага раёна.

 – На мемарыяльным комплексе №4407 у Заронаве, дзе спачываюць 10,5 тыс. чырвонаармейцаў, вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Неабходна нанесці на мемарыяльныя пліты прозвішчы ўсіх, хто тут ляжыць, і дадаткова тыя імёны, якія былі ўстаноўлены за апошні час, – адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. – На рамонт выдзелена частка грошай, заробленых на абласным суботніку, што складае парадку 62 тыс. рублёў.

За бягучы год у вобласці перапахавалі каля 460 чалавек, з іх – 266 мірных жыхароў. Акрамя таго, 53 мемарыяльныя комплексы Расонскага і Докшыцкага раёнаў пастаўлена на ўлік.

– Варта сказаць, што больш за 5200 прозвішчаў былі нанесены на мемарыяльныя пліты па ўсёй вобласці за год. Усяго на Віцебшчыне знаходзіцца 1533 воінскія пахаванні, у якіх ляжаць 405 тыс. чырвонаармейцаў, з іх вядома імёны толькі 210 тысяч, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Як падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, работы вядуцца па прысваенні імёнаў Герояў Савецкага Саюза адукацыйным установам. Так, днямі атрымана дазвол ад сваякоў камандуючага 3-м Беларускім фронтам, двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Чарняхоўскага на прысваенне яго імя адной са школ Дубровенскага раёна.