Сустрэча, прысвечаная 33-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана, прайшла ў Віцебску

Мерапрыемства сабрала вялікую колькасць гасцей: моладзь, кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікі ветэранскіх грамадскіх арганізацый і ўсе, каму важна захоўваць памяць пра загінулых і жывых удзельнікаў трагічных падзей у Афганістане. Удзельнікам сустрэчы выпала ўнікальная магчымасць успомніць або даведацца пра гісторыю афганскай вайны, праз успаміны непасрэдных сведак, пачуць пра іх стаўленне да таго, што адбывалася на чужыне, і жыццё пасля.

Так, пра ўвод абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў, першапачатковы этап знаходжання ў Афганістане і перыяд актыўных дзеянняў удзельнікам сустрэчы расказаў пісьменнік, воін-інтэрнацыяналіст гвардыі падпалкоўнік Валерый Марчанка. Ад гісторыка, гвардыі старшага прапаршчыка Вячаслава Белоуса прысутныя даведаліся пра перыяд афганскай вайны з мая 1985 года, а менавіта пра скарачэнне актыўных баявых дзеянняў і вывад войскаў.
Апавяданне ішло дынамічна, а разбавілі ўспаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў песні, якія падымалі настрой або прымушалі задумацца там, на чужыне. Кампазіцыі выконвалі педагог і вучні ДУА «Гімназія № 3» і Вячаслаў Белоус.
Варта адзначыць, што тэма афганскай вайны неадрыўна звязана з Віцебскам, бо менавіта тут дыслакавалася 103 гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія і 339 ваенна-транспартны авіяцыйны полк, вайскоўцы якіх праходзілі службу ў далёкай горнай краіне. Пра баявыя задачы савецкіх лётчыкаў і іх ролю ў вайне расказаў падпалкоўнік Іван Новічкоў, а краязнаўца і педагог Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Галіна Новак паведаміла прысутным пра тую велізарную даследчую працу, прысвечаную вывучэнню гэтых гістарычных падзей, якую яна праводзіць разам са сваімі вучнямі.






Асаблівая ўвага была нададзена і таму, як афганскую вайну асвятлялі сродкі масавай інфармацыі, пра гэта падрабязна расказала галоўны захавальнік фондаў Віцебскага музея воінаў-інтэрнацыяналістаў Вікторыя Харкевіч і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» гвардыі падпалкоўнік Валерыян Мацкевіч падчас свайго выступлення на тэму «Афганская вайна ў гісторыі беларускага народа».
Валерыян Альбінавіч паведаў пра тое, як сем'і, што страцілі сваіх дзяцей, мужоў, жонак, братоў і сясцёр, вялі барацьбу за тое, каб на помніках была напісана праўда, як віцебскія воіны-інтэрнацыяналісты дамагаліся льгот, як з'явіўся ветэранскі рух, грамадскія арганізацыі і як змянілася сітуацыя пасля таго, як Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай.



– Нягледзячы на іншыя важныя пытанні, якія вырашала маладое дзяржава, афганцы не засталіся незаўважанымі. У Віцебску быў створаны рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для воінаў-інтэрнацыяналістаў, гарадскі музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, у 1996 годзе ў Мінску з удзелам Прэзідэнта адкрыты мемарыяльны комплекс «Востраў Мужнасці і Смутку», прыняты шэраг пастаноў па ільготным забеспячэнні воінаў-інтэрнацыяналістаў і многае іншае. Зыходзячы з гэтага грамадскае аб'яднанне таксама набірала сваю моц, – адзначыў Валерыян Альбінавіч. – Таму важна адзначыць, што наша грамадскае аб'яднанне цалкам падтрымлівае палітыку дзяржавы і робіць усё, каб наша рэспубліка развівалася і квітнела. Мы актыўна прымаем удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі і грамадска-палітычных падзеях нашай краіны. Так, у найбліжэйшай будучыні, мы, удзельнікі афганскіх падзей, прымем удзел у рэспубліканскім рэферэндуме, каб выказаць сваё стаўленне да дзяржаўнай палітыкі.

Яшчэ адной важнай тэмай мерапрыемства стала патрыятычнае выхаванне моладзі. Як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці засталося 299 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх толькі 130 удзельнікаў баявых дзеянняў. І з кожным годам гэтых людзей, якія ўласным прыкладам паказваюць маладому пакаленню, што значыць любіць Радзіму і выконваць свой патрыятычны доўг, становіцца менш, на змену ім прыходзяць воіны-інтэрнацыяналісты.
– Гэтыя лічбы гавораць нам, наколькі хутка ляціць жыццё, самаму маладому воіну-інтэрнацыяналісту ўжо не менш за 51 год, – сказаў Уладзімір Цярэнтаў. – Таму такія сустрэчы, перш за ўсё, важныя для маладога пакалення, каб кожны мог асабіста пагутарыць з удзельнікамі ваенных падзей, прапусціць праз сябе боль вайны, не дапускаць яе паўтарэння ў будучыні, і навучыцца ў воінаў-інтэрнацыяналістаў паняццям гонару, доўгу, сумлення і адданасці Радзіме.


Хоць кожны год і аддаляе ад нас афганскую вайну ўсё далей і далей, памяць пра іх усё роўна жыве ў сэрцах людзей, а таксама на вуліцах і ў навучальных установах нашага горада. Імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў ушанаваны на мемарыяльных дошках, помніках, у назвах навучальных устаноў, і гэтая праца будзе працягвацца. Так, у бліжэйшы час Сярэдняй школе № 3 г. Віцебска будзе прысвоена імя яе былога вучня, воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Мікалаевіча Беліцкага, які за мужнасць і гераізм узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За адвагу», прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, а таксама пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна і медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».