«За партызанскі рух і працоўныя заслугі»: роўна 55 гадоў таму Віцебская вобласць атрымала ордэн Леніна

8 лютага 1967 года за актыўны ўдзел у партызанскім руху ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і поспехі, дасягнутыя ў аднаўленні і развіцці народнай гаспадаркі, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Віцебская вобласць узнагароджана ордэнам Леніна.

З першых дзён акупацыі на Віцебшчыне разгарнулася народнае супраціўленне захопнікам. У Суражскім раёне дзейнічае атрад Бацькі Міная (Міная Філіпавіча Шмырэва), створаны ў ліпені 1941 года. У гэты ж перыяд пачаў змагацца з ворагам і атрад «Дзядзькі Косці» (Канстанціна Сяргеевіча Заслонава), утвораны на аснове групы, якая дзейнічала ў Аршанскім падполлі. Яркімі старонкамі ў гісторыі Віцебскага падполля сталі Вера Харужая, Ефрасіння Зенькова, якім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (Хоружая — пасмяротна), Іван Бе́кішаў, Аляксандр Белахвосцікаў і іншыя.

Вызваленне вобласці пачалося восенню 1943 года і працягнулася летам 1944-га падчас аперацыі «Баграціён».

За гады вайны найбольшыя людскія страты панеслі Віцебск, Полацк, Глыбокае. Так, абласны цэнтр быў разбураны больш чым на 93 працэнты. Усе прадпрыемствы, аб'екты камунальнай гаспадаркі, гандлю, адукацыі, аховы здароўя, культуры і жылыя дамы ляжалі ў руінах. Аб напружанай працы рабочых і служачых, самаадданасці, імкненні як мага хутчэй аднавіць прамысловасць раёна сведчаць прыклады аднаўлення асобных прадпрыемстваў. Так, пасля вызвалення горада на фабрыку «Сцяг індустрыялізацыі» сталі вяртацца кадравыя рабочыя. У першыя ж дні былі абсталяваны і пачалі працу механічныя і сталярныя майстэрні. Сабраны з руін і ўкамплектаваны 30 швейных станкоў, прыдатных да эксплуатацыі, часова абсталяваны цэх індывідуальнага пашыву. Пачалі працаваць крама і сталовая грамадскага харчавання для рабочых, медыцынскі пункт. На тэрыторыі Віцебскага раёна да канца 50-х ужо працуюць 4 прамысловыя прадпрыемствы: камбінат будматэрыялаў, фабрыкі «Сцяг індустрыялізацыі» і «Чырвоны Кастрычнік», завод заточных станкоў. У шасцідзясятыя тут ужо выпускаюць прадукцыю 25 заводаў і артэлей.

 Літаральна за два дзесяцігоддзі ў вобласці пабудавана шмат буйных сучасных прадпрыемстваў. На карце з'явіліся новыя гарады, якія сталі буйнымі прамысловымі цэнтрамі Беларусі: Наваполацк і Навалукомаль. Іх з'яўленне звязана з пачаткам будаўніцтва найбуйнейшага ў Еўропе Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода (1958 год) і Лукомскай ДРЭС (1964 год).

"СБ"