Жыхары Віцебска выказалі меркаванні, якія змены трэба ўнесці ў Канстытуцыю
Віталь Алешкевіч, дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду «Адзінства», намеснік старшыні cавета Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя дзюдо»:

Змены ў Канстытуцыі патрэбныя, таму што заўсёды неабходна развівацца, рухацца наперад. Але пры гэтым важна захаваць тое, што мы зараз маем, гэта значыць дадаць новае, не руйнуючы тое добрае, што ўжо створана. Лічу правільным, што абмяркоўваецца пашырэнне паўнамоцтваў урада і парламента рэспублікі, замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу. Пры гэтым у прыярытэце павінны застацца незалежнасць нашай дзяржавы, яе ўстойлівасць, удасканаленне сацыяльных гарантый, пашырэнне магчымасцей для развіцця і стабільнага жыцця грамадзян.
Зыходзячы з асабістай адказнасці за сучаснасць і будучыню нашай краіны, усведамляючы сябе яе паўнапраўным суб'ектам, я ўпэўнены, што Беларусь працягне свой курс развіцця, заснаваны на нацыянальных інтарэсах. Пры гэтым рэспубліка прызнае асаблівую значнасць падтрымання стабільнасці і бяспекі ў свеце і для дасягнення гэтай мэты гатова ўзаемадзейнічаць з усімі дзяржавамі, арыентаванымі на канструктыўны дыялог і плённае супрацоўніцтва.
Хацелася б, каб унясенне змяненняў у Асноўны закон дзяржавы дапамагло дамагчыся спакою ў нашым грамадстве і спрыяла фарміраванню збалансаванага міжнароднага парадку дня.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 8 Віцебска Ала Собалева:

– Думаю, што змены ў Канстытуцыю дыктуе час. Цалкам згодная з тым, што трэба замацаваць статус сям'і як саюза мужчыны і жанчыны. Лічу, цяперашнія еўрапейскія тэндэнцыі з'яўлення аднаполых шлюбаў непрымальныя для беларускага народа. Трэба, каб у законе быў зроблены акцэнт на патрыятычным выхаванні, для школы гэта асноўны напрамак працы. Калі чалавек любіць сваю Радзіму, ён будзе яе шанаваць, берагчы яе экалагічныя рэсурсы, несці за яе адказнасць, прымнажаць дабрабыт. Бо нельга нешта стварыць без любові – да сям'і, школы, краіны. Яшчэ думаю, што існуе неабходнасць на дзяржаўным узроўні ўзаконіць стварэнне безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў, каб у іх было больш магчымасцей – працаваць, ездзіць у транспарце, перамяшчацца па лесвіцах, весці цікавы лад жыцця. На жаль, у школах цяпер ёсць дзеці-інваліды… Згодная з тым, што Прэзідэнтам можа быць чалавек не маладзейшы за 40 гадоў, які мае грамадзянства Беларусі і разумее менталітэт, уласцівы народу. Думаю таксама, што правільным будзе ў сувязі з сённяшняй сітуацыяй у свеце прыбраць пункт аб тым, што Беларусь не з'яўляецца ядзернай дзяржавай.
Аляксандра Баран, вядучы спецыяліст:

– Сёння ў кожнага ахвотнага ёсць магчымасці ўнесці свае прапановы па абнаўленні Асноўнага закона краіны. І мы не павінны заставацца ўбаку, бо Канстытуцыя забяспечыць хуткае вырашэнне вельмі многіх праблем у палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы. Вядома, змены неабходныя. Яшчэ многае будзе залежаць ад таго, наколькі правільна і дакладна кожны грамадзянін будзе рэалізоўваць палажэнні Канстытуцыі, ад таго, як мы арганізуем сваё жыццё ў адпаведнасці з яе палажэннямі.