Камунальная гаспадарка, дарогі і бацюн: з якімі пытаннямі жыхары Віцебскай вобласці звярталіся на «прамую лінію» Мікалая Шарснёва
«Прамая лінія» старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва пачалася за некалькі хвілін да абвешчанага часу. Перад зносінамі з жыхарамі Віцебшчыны кіраўнік вобласці ўдзяліў увагу пытанню ліквідацыі наступстваў стыхіі, якая абрынулася мінулай ноччу. Дажджы і моцны шквалісты вецер абясточылі многія населеныя пункты, знеслі дахі прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў, павалілі дрэвы ў лесе і ўздоўж дарог.
У ходзе пераклічкі раёнаў быў удакладнены маштаб разбурэнняў і вызначана, што неабходна зрабіць у тэрміновым парадку. Так, з-за непагадзі была абясточана трэцяя частка Ушацкага раёна, маланкай на пашах забіта дзевяць кароў. На Шуміліншчыне без электраэнергіі апынуліся 70 аб'ектаў. Знесены дахі жылых дамоў у Сенненскім, Расонскім, Віцебскім і іншых раёнах. Як далажылі старшыні райвыканкамаў, усе аварыйныя і будаўнічыя брыгады працуюць ва ўзмоцненым рэжыме.
– У першую чаргу трэба дапамагчы людзям – аднавіць дахі жылых дамоў. Калі няма магчымасці справіцца ўласнымі сіламі, будзе аказана дапамога матэрыяламі, працоўнай сілай, – адзначыў Мікалай Шарстнёў
Кіраўнік вобласці таксама акцэнтаваў увагу на тым, што анамальныя пагодныя катаклізмы патрабуюць падумаць аб устаноўцы на буйных жывёлагадоўчых комплексах аўтаномных генератараў. Калі на невялікай ферме адключэнне электрычнасці не так адчувальна, то на аўтаматызаваным комплексе мае сур'ёзныя наступствы.
У ходзе «прамой лініі» паступіў толькі адзін званок, звязаны з бядой, якую прынесла стыхія. Гэта сведчыць аб тым, што людзям усё патлумачылі на месцах, і яны самі бачаць, што ўсе сілы кінуты на ліквідацыю наступстваў непагадзі. Большасць жа пытанняў датычыліся традыцыйных тэм: ЖКГ і дарогі.
Аналіз асобных зваротаў, як адзначыў Мікалай Шарстнёў, прыводзіць да высновы, што адпаведныя службы халатна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў, і ў дачыненні да некаторых трэба праводзіць службовае расследаванне.
У прыватнасці, гэта датычыцца дома па вуліцы Працы, 8 у Віцебску. Ён быў здадзены ў жніўні мінулага года, і адразу ж у новасёлаў узніклі заўвагі да якасці работ. Галоўная праблема – трэшчыны ў цаглянай муры сцен, якія праявіліся. Жанчына, якая звярнулася да старшыні аблвыканкама ад імя таварыства ўласнікаў, расказала, што па гэтым пытанні жыльцы пісалі ў розныя інстанцыі, па ініцыятыве таварыства было праведзена абследаванне, падчас якога выяўлены недахопы. На сцены былі ўстаноўлены маякі, але яны выпадаюць і больш разбураюць мур.
– Мы купілі кватэры за ўласныя сродкі, нам прадалі не якасны тавар. А галоўнае – хочам жыць у бяспецы, – падсумавала жанчына.
Мікалай Шарснёў звярнуўся да адпаведных службаў:
– Памылку трэба выпраўляць за кошт таго, хто яе здзейсніў. І строга спытаць з нядбайных праектантаў або будаўнікоў.
Два званкі паступілі ад жыхароў аднаго дома па вуліцы Ленінградскай, 223 у Віцебску. Па іх словах, работнікі ЖКГ некалькі месяцаў таму разабралі ліўневую каналізацыю і далей нічога не робяць. Вада ад дажджоў ідзе ў пад'езд, а пасля ўчарашняга ліўню заліла кватэру на першым паверсе. Па гэтым адрасе тэрмінова адправілі спецыялістаў. Старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў паабяцаў, што ў найбліжэйшы час будзе праведзена поўнае абследаванне дома, каб у наступным годзе пачаць капітальны рамонт.
З скаргамі на службы ЖКГ звярнуліся жыхары дамоў па вуліцах Шэнягіна і Шміта ў Полацку, дзе вада становіцца гарачай пасля таго, як яе трэба доўга зліваць. А часта і зусім адсутнічае. Шмат нараканняў з нагоды ўборкі дваравых тэрыторый у Віцебску. На гэтыя і іншыя звароты на тэлефон 115 і ў домаўпраўленні службы не рэагуюць.
Кіраўнік вобласці даў даручэнне прысутнічаўшаму на «прамой лініі» першаму намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама Дзмітрыю Герасімаву разабрацца і дзе трэба прыняць кадравыя рашэнні ў дачыненні да такіх нядбайных работнікаў.
– Усюды павінен быць парадак. І не аварыйна, з мётламі ў руках пасля званка ў аблвыканкам, а сістэмна. Мы завалены скаргамі людзей, трэба глыбока разабрацца, як наладзіць працу па ўборцы дваровых тэрыторый, падумаць аб аплаце працы дворнікам, сантэхнікам. Каб у гэтай сферы працавалі пісьменныя, прафесійныя і адказныя людзі, – падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Другая бяда, з якой звяртаюцца жыхары Віцебшчыны да кіраўніка вобласці, – дарогі. Зарасла пустазеллем і дрэвамі дарога паміж населенымі пунктамі Рыбакі – Котава, у распуціцу не праехаць да вёскі Выстаўка. Гэта ў Віцебскім раёне. Цяжка з каляскай праехаць па 1-й Біцелеўскай у абласным цэнтры, небяспечна дзецям хадзіць па праезнай частцы (а іншай магчымасці няма) у населеным пункце Панізьзе Аршанскага раёна. Не дабрацца да пахавання загінулых жыхароў спаленай вёскі Барсукі ў Шумілінскім раёне. Усе гэтыя звароты ўзяты на кантроль, і ў найбліжэйшыя тэрміны дарожнікі павінны выканаць адпаведныя работы.
А вось пытанне, з якім звярнулася жыхарка вёскі Уволакі Ушацкага раёна, – аб зарасніках боршчу, які падступае да жылых дамоў, будзе вынесена на найбліжэйшае пасяджэнне аблвыканкама. Мікалай Шарстнёў звярнуў увагу кіраўнікоў раёнаў на факты нездавальняючай апрацоўкі ядахімікатамі тэрыторыі з боршчам, несвоечасовай барацьбы з гэтым атрутным пустазеллем.
Усяго да кіраўніка вобласці паступіла 26 званкоў. Жыхары розных рэгіёнаў Віцебшчыны звярталіся з прапановамі прадаставіць льготы пенсіянерам для наведвання басейнаў, стварыць умовы для заняткаў спортам людзям з абмежаванымі магчымасцямі, наконт працаўладкавання і несправядлівага звальнення, выдзялення ўчастка для будаўніцтва дома, на якім стаяць слупы электраперадачы. Яшчэ да заканчэння «прамой лініі» адна з праблем была вырашана. Жыхар вёскі Скрыдлева Віцебскага раёна распавёў аб тым, што з агульнай трубы на яго ўчастак цячэ вада. Ён некалькі разоў з 10 чэрвеня звяртаўся ў водаканал, яму адказваюць: усё зроблена, а вада ўсё цячэ. Пакуль ён не патэлефанаваў Мікалаю Шарстнёву.
З чарады скаргаў і просьбаў выпадаў адзін званок – ад жыхаркі вёскі Вялікі Полсвіж Лепельскага раёна, якая прасіла выказаць словы падзякі работніку гартапа.
– Мяне нельга нічым здзівіць, акрамя як дабрынёй, з якой да мяне аднеслася работнік гартапа, – сказала жанчына і пажадала, каб на «прамую лінію» кіраўніку вобласці паступалі толькі словы падзякі ад жыхароў рэгіёна.
Таццяна Пастэрнак, фота Дзмітрыя ОСІПАВА, "Віцебскія вясці".