Дзмітрый Дзямідаў: «Выкананне інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ў 2025 годзе можна назваць паспяховым»
Выкананне інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ў 2025 годзе можна назваць паспяховым. Пра гэта старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў заявіў, адказваючы на пытанні карэспандэнтаў, перад пачаткам пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў 29-га склікання, на якім разглядаліся пытанні «Аб выкананні інвестыцыйнай праграмы Віцебскай вобласці ў 2025 годзе», «Аб выніках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Энергазберажэнне» на 2021 – 2025 гады» і «Аб Маладзёжным савеце пры Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў».
– Сродкі, запланаваныя для развіцця інфраструктуры, стварэння новых аб'ектаў, асвоены амаль у поўным аб'ёме, – адзначыў Дзмітрый Дзямідаў пры абмеркаванні першага пытання парадку дня. – 243 мільёны рублёў, закладзеныя ў інвестыцыйную праграму 2025 года, рэалізаваны на 98,5 %. За кошт гэтых грошай з'явіліся новыя аб'екты аховы здароўя, адукацыі, у тым ліку дашкольнай, развівалася жыллёва-камунальная інфраструктура, з'явілася каля 11 кіламетраў новых сетак газазабеспячэння, а таксама магутны рэгіянальны палігон, які займаецца перапрацоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў у раёне Наваполацка.
Пры тым, што рост інвестыцый забяспечваецца, існуюць і праблемныя пытанні. У прыватнасці, тэмай абмеркавання членаў прэзідыума сталі даўгабуды. Сярод такіх аб'ектаў – паліклініка ў Полацку і дзіцячы сад у Лепелі. Прадугледжаныя на правядзенне будаўніча-мантажных работ сродкі на полацкім аб'екце выдзелены цалкам, падыходзяць да завяршэння энергаёмістыя работы, і перадумоў да таго, каб не ўвесці паліклініку ў 2026 годзе, няма, запэўнівае старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Андрэй Галяковіч. На аб'екце ў Лепелі вядуцца работы па добраўпарадкаванні і вырашаецца пытанне па фінансаванні набыцця абсталявання і мэблі для будучага дзіцячага садка.
– Сацыяльна значныя аб'екты павінны быць завершаны, бо за гэтым – зручнасць жыцця людзей, пытанне развіцця тых ці іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, – падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса, вызначаючы пасыл – разабрацца ў прычынах і прыняць адпаведныя рашэнні для таго, каб выключыць падобныя моманты. Праца над памылкамі ў сваю чаргу выключыць перашкоды для рэалізацыі сур'ёзнай інвестыцыйнай праграмы на 2026 год. За гэтым – галоўнае: развіццё сацыяльнай інфраструктуры, павышэнне дабрабыту людзей і якасці жыцця ў рэгіёне.