Як пройдзе адзіны дзень добраўпарадкавання і акцыя «Дай лесу новае жыццё» у Віцебскай вобласці?
Як расказала начальнік аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, нетраў, біяразнастайнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марына Галіч, у вобласці актыўна вядуцца работы па азеляненні населеных пунктаў. Сёлета план па пасадцы кустоў, дрэў і кветак павялічаны прыкладна на 10% у параўнанні з 2024 годам.
– Усяго ў 2025 годзе запланавана пасадка 38 тыс. дрэў, 28 тыс. кустоў. Ужо шмат зроблена: высаджана 28 тыс. дрэў і больш за 21 тыс. кустоў, – падкрэсліла Марына Галіч. – Так, у Чашніках уладкавалі сквер, а ў Глыбокім заклалі парк са стварэннем алеі памяці, дзе было высаджана больш за 300 шт. саджанцаў елкі.
Заўтра ў Віцебску пасадкі пройдуць у парку 1000-годдзя, побач з плошчай Сцяга і Герба. Будзе высаджана 100 ліп. У Полацку працягнецца стварэнне паркавай зоны на Кургане Бессмяротнасці, а ў Докшыцах з'явяцца вішнёвая і сасновая алеі.
Начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення Віцебскага ДВАЛГА Юрый Апалька расказаў аб акцыі «Дай лесу новае жыццё», якая праводзіцца ў Беларусі з 11 па 31 кастрычніка.
– Ініцыятарам акцыі з’яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі. Яна накіравана на папулярызацыю лясной галіны і аднаўленне пашкоджаных участкаў ляснога фонду, у тым ліку пацярпелых ад моцных вятроў. На тэрыторыі вобласці плануецца аднавіць лясы на плошчы каля 150 га, а таксама дапоўніць раней створаныя лясныя насаджэнні на плошчы не менш за 2 тыс. га. Будзе высаджана парадку 2 млн. сеянцаў і саджанцаў асноўных лесаўтваральных парод: хвоі, елкі, бярозы, а таксама дуба, ясеня і клёну, – адзначыў Юрый Апалька. – Акцыя пройдзе ва ўсіх 18 лясгасах. Для ўдзелу неабходна звярнуцца ў бліжэйшы лясгас. Таксама вызначаны аб'екты, дзе можна проста правесці добраўпарадкаванне, прыбраць смецце і навесці парадак, унёсшы свой уклад у паляпшэнне лясных тэрыторый.
На прэс-канферэнцыі абмеркавалі планы і бягучыя работы па азеляненні абласнога цэнтра. Як распавяла дырэктар ДП «Віцебскі зелбуд» Валянціна Шэндзюкова, сёлета ў горадзе плануецца высадзіць каля 125 тыс. цюльпанаў: 87,6 тыс. у цэнтры горада (у раёне плошчы Перамогі і плошчы 1000-годдзя) і 50 тыс. на плошчы Свабоды. Усяго за сезон у горадзе будзе высаджана каля 1 млн. 200 тыс. кветак, уключаючы цыбульныя.