Канцэпцыю абласной патрыятычнай акцыі «Прарыў Перамогі» абмеркавалі ў Віцебскім аблвыканкаме
Як адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, «Прарыў Перамогі» – знакавы праект Віцебшчыны, прысвечаны падзеям мая 1944 года, калі брыгадамі Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння быў здзейснены прарыў ворагавай блакады, і з акружэння разам з народнымі мсціўцамі выйшла больш за 15 тысяч мірных жыхароў. Акцыя сёлета таксама прымеркавана да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Сустрэча на гераічнай Ушацкай зямлі запланавана на 2 і 3 мая. Сёлета яна пройдзе ў дзясяты раз. Старт будзе дадзены ў вёсцы Паўлюлле, дзе адбудзецца адкрыццё пасля рэканструкцыі помніка ў гонар воінаў і партызан, якія змагаліся з акупантамі.
– Гэты помнік, узведзены на брацкай магіле, аднаўлялі ўсім мірам, дапамаглі спонсары, прафсаюзы, установы культуры, быў абвешчаны збор сродкаў сярод жыхароў раёна, – растлумачыў старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Садоўскі.
Асноўнае дзеянне адбудзецца на мемарыяльным комплексе «Прарыў». Тут пройдзе мітынг з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, а таксама ганаровых гасцей з Пскоўскай і Смаленскай абласцей. Будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, палявая кухня, выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці. У завяршэнні ўсе ўдзельнікі праспяваюць «Дзень Перамогі».
– Асаблівая ўвага будзе нададзена моладзі. Адбудзецца беларуска-расійскі злёт патрыятычных клубаў Віцебскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцей пад назвай «Нашчадкі Перамогі». Рабяты прымуць удзел у квэсце «Партызанскімі сцежкамі», уроках мужнасці, патрыятычнай акцыі «Я напісаў бы на рэйхстагу», – растлумачыў Сяргей Садоўскі.
На наступны дзень, 3 мая, адбудзецца рэгіянальны конкурс сцэнічнага майстэрства і канцэрт на цэнтральнай плошчы Ушач.