Ліквідацыя звалкі, праблемы з каналізацыяй, працаўладкаванне грамадзян Латвіі. З якімі яшчэ пытаннямі звярталіся да Аляксандра Субоціна падчас асабістага прыёму?
З Мінска на асабісты прыём да кіраўніка вобласці прыехалі грамадскія дзеячы, якія дапамагаюць у працаўладкаванні грамадзян Латвіі, якія жадаюць атрымаць пастаяннае месца жыхарства ў Беларусі. Як растлумачылі візіцёры, большасць выбірае Віцебскую вобласць. Гэта людзі розных прафесій, як рабочых, сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, так і ўрачы, педагогі. Парой пры працаўладкаванні, грамадзяне Латвіі сутыкаюцца з непаразуменнем, недаверам з боку працадаўцаў. Яны таксама дрэнна азнаёмлены, куды варта звяртацца.
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Ефрэмаў прывёў канкрэтныя лічбы – у Віцебскай вобласці працаўладкаваны 206 латвійскіх грамадзян. Большасць у Віцебску, а таксама ў заходніх рэгіёнах вобласці. Многія вакансіі, асабліва ў аграпрамысловым сектары, прадугледжваюць прадастаўленне жылля. Уся гэтая інфармацыя знаходзіцца ў вольным доступе, і зайшоўшы на афіцыйныя сайты, можна яе ўбачыць.
Але, відаць, у некаторых выпадках спрацоўвае чалавечы фактар. Аляксандр Субоцін даручыў адпаведным службам уважлівей і даверлівей ставіцца да людзей, якія хочуць пераехаць на Віцебшчыну і ўнесці свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна.
Гаспадар дачнага ўчастка ў садаводчым таварыстве «Раднік» у Аршанскім раёне прыйшоў на прыём з просьбай паспрыяць у ліквідацыі звалкі, якая ўтварылася ў 6 метрах ад дома. Па словах мужчыны, яму пастаянна даводзіцца прыбіраць смецце, якое вецер і птушкі разносяць па яго ўчастку. Акрамя таго, непрыемна жыць побач са смярдзючым палігонам.
З гэтым пытаннем дачнік звяртаўся да мясцовых улад, у камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Прынята рашэнне сметнік ліквідаваць і на яго месцы ўсталяваць кантэйнерную пляцоўку. За гэта прагаласавала большасць членаў садаводчага таварыства. І на гэтую думку ўлада не можа паўплываць. Тым не менш кіраўнік вобласці даў даручэнне яшчэ раз арганізаваць агульны сход і знайсці аптымальны варыянт для ўтылізацыі адходаў.
Некалькі праблем абазначылі жыльцы дома № 54 на Маскоўскім праспекце ў Віцебску. Пабудаваны ён больш за 60 гадоў таму і да гэтага часу ў ім не было капітальнага рамонту. А такі, па словах заяўніц, неабходны. Людзі скардзяцца на дрэннае ацяпленне, недастатковы напор вады, антысанітарыю ў сутарэннях, добраўпарадкаваную дваровую тэрыторыю.
Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў растлумачыў, што на бліжэйшыя гады гэты дом не ўключаны ў план капітальных рамонтаў. Але ўжо ў трэцім квартале 2025-га будзе праведзены касметычны, з рамонтам фасада, заменай вокнаў у пад'ездах, а ў жніўні прыступяць да рамонту балконаў. Плануецца таксама ўсталяваць сучаснае дваровае абсталяванне. Інжынерныя сеткі, як запэўнілі спецыялісты, знаходзяцца ў спраўным стане. Службам ЖКГ дадзена даручэнне трымаць гэты дом на кантролі.
На праблемы з каналізацыяй скардзілася віцяблянка, якая пражывае на вуліцы Цітова. Перыядычна ёй даводзіцца з'язджаць з кватэры, якую заліваюць нечыстатой. Жанчына нават згодна пераехаць у іншае месца, калі нічога не зменіцца. Кіраўнік вобласці даручыў сур'ёзна разабрацца ў сітуацыі. Калі гэту праблему можна вырашыць сіламі ЖКГ, то іншую, якую абазначыла звернутая на прыём, не так проста. Пытанне тычыцца спагнання аліментаў з мужа. Запазычанасць назапасілася за 10 гадоў. Прыцягнуць нядбайным мужа да адказнасці адпаведныя органы Беларусі не могуць, бо ён жыве за межамі краіны. Цяпер знаходзіцца ў Расіі і спаганяць аліменты павінна Расійская федэральная служба судовых прыставаў. Жанчыне паабяцалі ўсялякую падтрымку, у тым ліку ў працаўладкаванні яе дачкі-старшакласніцы на летнюю працу ў будатрадзе.
Яшчэ адной заяўніцы Аляксандр Сабуцін патэлефанаваў асабіста, бо яна не магла з Полацка прыехаць на прыём, паколькі не на каго было пакінуць сына-інваліда. Жанчына прасіла дапамагчы ёй атрымаць пуцёўку на аздараўленне сына ў санаторый «Нарач» і паўплываць на расследаванне няшчаснага выпадку, які адбыўся з яе мужам, які памёр, знаходзячыся на прадпрыемстве.
На жаль, у санаторыі «Нарач» не аказалася вольных месцаў на даты, якія пазначыла палачанка, а іншыя тэрміны яе не задавольваюць. Жанчыне прапанавалі санаторый «Лётцы». Расследаваннем абставін смерці мужа займаецца абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Аляксандр Сабуцін запэўніў, што ўсё будзе старанна праверана і дадзена аб'ектыўнае заключэнне.
З пачатку года ў аблвыканкам паступіла 1317 зваротаў грамадзян. Часцей за ўсё людзі скардзіліся на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, утрыманне і рамонт дамоў (20 % ад агульнай колькасці скаргаў). На другім месцы – добраўпарадкаванне населеных пунктаў, затым – землеўпарадкаванне і землекарыстанне. Менш за ўсё зваротаў з нагоды дарожнай гаспадаркі і транспарту (па 4 %).