Майстар-класы, творчая сустрэча і выстава «Старонкі Перамогі». Вітрына Віцебскай вобласці была прадстаўлена на XXXII Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе
У першыя гадзіны сэрцы гараджан і гасцей Ліды пакарыў майстар-клас па стварэнні гравюр.
Інтэрактыў дазваляе пазнаёміцца з гісторыяй найстаражытнейшага горада Беларусі – Полацка.
Эстамп (з ужо гатовых граверных дошак) з галоўнымі сімваламі Полацка прапануе стварыць усім жадаючым старшы навуковы супрацоўнік Полацкай мастацкай галерэі Алеся Аўрусеня. Станок, з якім прыехалі на выставу полацкія спецыялісты, створаны па прататыпе абсталявання 17 стагоддзя.
У майстар-класе па стварэнні гравюр паўдзельнічала Намеснік Прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч. На памяць аб Віцебшчыне ёй прапанавалі зрабіць эстамп з выявай Сафійскага сабора.
Акрамя гэтага філіял Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прадставіў для ўсіх кніжных аматараў факсімільныя выданні «Апостал» «Псалтыр» і «Малая падарожная кніжка».
Пакінуць сабе на памяць каралі-матанкі хочуць многія наведвальнікі экспазіцыі рамеснікаў.
– Нам прыемна ўвага да нашага майстар-класа з боку дзяцей. Мае майстры ўжо баяцца, што давядзецца купляць яшчэ ніткі, хоць павільён нядаўна адкрыўся, – прызнаецца загадчыца Докшыцкага Дома рамёстваў Інна Карпека.
Акрамя майстар-класа па вырабе ўпрыгожанняў, усе жадаючыя могуць паспрабаваць сябе ў лоскутным шыцці.
У Ліду прама з Докшыц народныя майстры прывезлі з сабой работы па мастацкай разьбе, дэкаратыўныя кошыкі, лукашкі і торбы з лазы. Сярод экспазіцыі наведвальнікі звяртаюць увагу на калекцыю ручнікоў і саломкавыя вырабы.
Дарэчы, саломапляценне і роспіс па тканіне ў Докшыцкім раёне занесены ў спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны.
– Кажуць, што нашым дзецям нічога не цікава – наш майстар-клас даказвае, што гэта не так, – упэўнены рамеснік з Глыбокага Віктар Дудкевіч. Дарэчы, спецыяльна для XXXII Дня беларускага пісьменства рамеснік падрыхтаваў адбітак, прысвечаны святу пісьменства гэтага года і прапануе ўсім жадаючым пакінуць выяву на памяць.
Таксама глыбокскія майстры прывезлі з сабой вышыўку па філейнай сетцы, майстар-класы па выцінанцы і маляванцы.
Абвіванне ганчарнага посуду лазой дэманструюць рамеснікі з Шаркаўшчыны. Асабліва гатовымі вырабамі цікавяцца мужчыны, якія з задавальненнем просяць майстра падзяліцца тэхналогіяй працы.
Вікторыя Дубоўская паказвае маленькім наведвальнікам, як за паўгадзіны з яе дапамогай зрабіць саломкавага бусла.
Прасякнуцца паўночным рэгіёнам можна было на творчай сустрэчы з пісьменнікамі Віцебскай вобласці.
Сваю творчасць прадставілі больш за 10 аўтараў вобласці, сярод якіх Тамара Краснава-Гусачэнка, Мікалай Наместнікаў, Святлана Якубоўская, Таццяна Харытонава, Васіль Калтуноў, Ігар Пракаповіч і іншыя. Літаратары чыталі для гасцей свята творы са сваіх зборнікаў і з задавальненнем пакідалі аўтографы.
Маленькая Насця атрымала ад Аршанскага пісьменніка Сяргея Трафімава ў падарунак дзіцячую кнігу «Няхай жыве сонца!». На свята дзяўчынка прыйшла разам з мамай.
– Мы ўжо паспелі атрымаць на памяць невялікія прыемныя падарункі. Дачка расплылася ва ўсмешцы, калі сам аўтар падарыў ёй зборнік. На пляцоўцы Віцебскай вобласці адчуваецца нейкая асаблівая атмасфера творчасці. Менавіта так я і ўяўляю ваш рэгіён, – расказала мама Насці.
Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз для міністра інфармацыі Марата Маркава і намесніка Прэм'ер-міністра Наталлі Петкевіч падрыхтавала старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснава-Гусачэнка.
У падарунак ганаровыя госці атрымалі яе юбілейную 30-ю кнігу паэзіі «Прыйшлі часы» і альманах «Дзвіна», у якім прадстаўлены творы літаратурных талентаў Віцебшчыны.
Адной з канцэпцый свята сёлета стала 80-годдзе Вялікай Перамогі.
Абласная газета «Віцебскія весці» прадставіла выставу «Старонкі Перамогі».
Галоўны рэдактар Наталля Камлёва расказала пра ўнікальныя матэрыялы газеты ваенных гадоў, а таксама пра пасляваенныя выпускі.