Сапраўдны «Гарадок» дзяцінства з'явіўся на карце Віцебска ў Біляво

Настоящий «Городок» детства появился на карте Витебска в Билево

Незвычайны падарунак – сапраўдны «Гарадок» дзяцінства падарылі маленькім жыхарам мікрараёна Білева гарадскія ўлады і замежная кампанія-інвестар. Акт перадачы гатовага будынка падпісалі начальнік аддзела па адукацыі Адміністрацыі Першамайскага раёна Таццяна Кузьміч і прадстаўнік кампаніі-інвестара.

Пабудаваны ў рэкордныя тэрміны з выкарыстаннем перадавых тэхналогій не толькі ў будаўніцтве, але і ў аснашчэнні абсталяваннем. Экалагічна чысты. Аднапавярховы. Вокны ў падлогу з дзвярыма, з якіх лёгка можна выйсці на гульнёвую пляцоўку.

– Апошнія два гады мы спрабуем адысці ад традыцыйных праектаў і прыцягнуць нешта незвычайнае, маляўнічае і больш зручнае, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Будзем выбіраць лепшае, будаваць самае аптымальнае, зручнае і прыгожае. У гэтым садку ўсё абсталявана па-сучаснаму, у ім вельмі ўтульна. Ёсць басейн, спартыўная і музычная залы, калідоры і холлы таксама задзейнічаны ў выхаваўчым працэсе. Тут нават пахне дрэвам унутры! Думаю, на пачатку наступнага года садок прыме нашых маленькіх жыхароў.

Новая ўстанова дашкольнай адукацыі разлічана на 190 дзетак, для прыёму якіх цалкам абсталяваны 10 груп. Набраны персанал. Так што наваселле не за гарамі, – лічыць загадчыца Таццяна Савельева:

– Уся мэбля, тэкстыль, дываны ў садзе – айчыннай вытворчасці. У нас вялікі пральны комплекс з сучасным энергаэфектыўным абсталяваннем. На кухні кухары змогуць гатаваць у змену каля 2000 страў. У прыбіральнях устаноўлены шафкі з падагрэвам, што дазволіць адзенню дзяцей у восеньска-зімовы перыяд заўсёды заставацца сухім.

Уся прастора – гэта сапраўдны дзіцячы «Гарадок» з домікамі катэджнага тыпу, у якіх ёсць нямала сюрпрызаў.

– Наша кампанія практычна стварыла новую галіну ў будаўніцтве Беларусі – панэльнае драўлянае домабудаванне. Гэты садок пабудаваны цалкам з драўляных панэляў, вырабленых на Шклоўскім заводзе газетнай паперы, – расказаў галоўны інжынер кампаніі-інвестара Дзяніс Матвеенка. – Яны лёгка мантуюцца і значна скарачаюць тэрміны будаўніцтва. Садок энергаэфектыўны. Яго канструкцыя прадугледжвае сценавое 260-міліметровае ўцяпленне. На даху таўшчыня ўцяпляльніка дасягае 600 міліметраў. Адпаведна, энергазатраты на ўтрыманне будынка значна меншыя. Ужо на стадыі праектавання мы стараліся прадугледзець размяшчэнне ўсіх камунікацый. Калі ў стандартным выкананні ў дзіцячых установах прадугледжаны асобныя спальні, то тут плошча аб'яднана ў дзіцячую групу і месцаў атрымліваецца ў 2 разы больш. У групах устаноўлена прытокава-выцяжная вентыляцыя беларускай вытворчасці, якая рэгулюе ўзровень вуглякіслаты ў паветры. У будынку створана безбар'ернае асяроддзе па прынцыпе нулявых адзнак.

У гульнявым холе пабудаваны міні-катэджы: бібліятэка, кафэ, крама, аснашчаныя драўлянай мэбляй. Сцены ў іх інтэрактыўныя, дзе зашыфраваны гульні.

Спадзяемся, што наш дзіцячы сад прынясе нямала радасці маленькім віцяблянам.

"Віцебскія весці"