Новыя падыходы да афармлення фестывальнага Віцебска. Чым здзівіць удзельнікаў і гасцей «Славянскі базар» сёлета?

Новые подходы к оформлению фестивального Витебска. Чем удивит участников и гостей «Славянский базар» в этом году?
Спеўны грамафон ля Летняга амфітэатра, кветкі на мастах, арыгінальныя светлавыя пано і фестывальны сэт. Як Віцебск будзе сустракаць удзельнікаў і гасцей «Славянскага базару»? Пра гэта ішла размова ў аблвыканкаме на пасяджэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, да форуму, які сур'ёзна ўплывае на імідж Віцебшчыны і Беларусі, засталося менш за месяц. Яшчэ ёсць час абмеркаваць, што неабходна зрабіць, на што звярнуць увагу, каб фестываль прайшоў на высокім узроўні, і ў людзей, як мясцовых жыхароў, так і прыезджых, засталіся самыя лепшыя ўражанні ад культурнай праграмы і ад горада на Дзвіне.

Сёлета да нас прыедуць прадстаўнікі каля 40 краін свету. Гэтая лічба красамоўна сведчыць аб цікавасці да «Славянскага базару», які кожны год стараецца нечым здзівіць. Старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў спыніўся на галоўных момантах у падрыхтоўцы фестывальнай сталіцы, расказаў таксама пра новыя падыходы да афармлення абласнога цэнтра. У прыватнасці, упершыню Кастрычніцкі і мост 1000-годдзя Віцебска ўпрыгожаць кветкавымі кампазіцыямі, ужо ўсталявалі падвесныя металічныя канструкцыі пад гаршкі. А ўсяго на гарадскіх вуліцах будзе высаджана каля паўтара мільёна кветак.

На пляцоўцы ля Летняга амфітэатра з'явіцца незвычайны арт-аб'ект – музычны тапірый. У цэнтры кампазіцыі – грамафон. Калі пакруціць яго ручку, прагучаць пазыўныя «Славянскага базару». Адмысловым рэверансам людзям, якія клапоцяцца пра добраўпарадкаванне і чысціню Віцебска, стануць святлодыёдныя пано з выявай фігур камунальнікаў. Яны ўпрыгожаць вуліцу Суворава. Арыентавацца ў горадзе дапамогуць турыстычныя ўказальнікі. Галодным прапануюць паспрабаваць фестывальны сэт за 34 руб. або наведаць гастранамічны квартал і пакаштаваць стравы розных народаў свету.

Да прыёму гасцей рыхтуюцца не толькі гасцініцы, але інтэрнаты. Цяпер у адных заканчваецца рамонт, а ў іншых наводзяць прыгажосць. Выконваецца замена тратуарнай пліткі, абнаўленне фасадаў, асфальтаванне вуліц, стварэнне кантэйнерных пляцовак закрытага тыпу.

Член Савета Рэспублікі, генеральны дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі распавёў пра культурную праграму форуму, якая ўключае не толькі канцэрты на галоўных сцэнічных пляцоўках, але і вулічныя праекты, масавыя гулянні – усё, што стварае непаўторную святочную атмасферу «Славянскага базару», якую адзначаюць і артысты, і турысты, і жыхары фестывальнай сталіцы.

Глеб Лапіцкі ўпэўнены, што кожны на «базары» знойдзе свой тавар – тое, што яму бліжэй па душы. Хтосьці пойдзе на сольнік любімага артыста, хтосьці – на канцэрт духоўнай музыкі, хтосьці на спектакль вядомай трупы ці на «Казачы разгуляй». Не з'едуць госці без сувеніраў. Дырэкцыя фестывалю падрыхтавала вялікі набор прадукцыі з сімволікай «Славянскага базару». Пастараюцца задаволіць пакупніцкі попыт і рамеснікі, якія традыцыйна прапішуцца ў Горадзе майстроў.

Дырэктар форуму звярнуў увагу на вялікую колькасць заявак на працу ў валанцёрскім атрадзе. Атрымалася шэсць прэтэндэнтаў на месца. Сёлета добраахвотных памочнікаў стане больш – 130, акрамя таго, упершыню створаны два студэнцкія атрады.

Больш за 500 прадстаўнікоў сродкаў інфармацыі і блогераў будуць распавядаць сваім чытачам і падпісчыкам пра фестываль. Як падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая, упершыню з прафесіяналамі стануць працаваць выпускнікі медыялабараторыі Віцебскай вобласці. Думаецца, іх свежы юны погляд на «Славянскі базар» будзе цікавы.

"Віцебскія весці"