Абласная патрыятычная акцыя «Прарыў Перамогі» сабрала ва Ушачах прадстаўнікоў розных пакаленняў з Беларусі і Расіі

Абласная патрыятычная акцыя «Прарыў Перамогі» сабрала ва Ушачах прадстаўнікоў розных пакаленняў з Беларусі і Расіі

05.05.2026

Абласная патрыятычная акцыя «Прарыў Перамогі», прысвечаная 82-й гадавіне прарыву партызанамі Полацка-Лепельскай зоны воражай блакады, традыцыйна сабрала ва Ушачах прадстаўнікоў розных пакаленняў жыхароў Віцебшчыны, гасцей са Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі.

Тут у ноч з 4 на 5 мая 1944 года кіпелі жорсткія баі, якія ўвайшлі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як прыклад гераізму і мужнасці абаронцаў сваёй краіны.

Акружаныя ворагам партызанскія брыгады, якія дзейнічалі на акупаванай нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі, вырваліся разам з 15 тыс. мірных жыхароў з акружэння, захаваўшы баяздольнасць, і працягнулі барацьбу з акупантамі да злучэння з часткамі наступаючай Чырвонай Арміі.

У 1974 годзе, у дні святкавання 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у гонар подзвігу партызан Полацка-Лепельскай зоны быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс «Прарыў». На мемарыяльным полі ўстаноўлены бронзавыя пліты, на якіх былі ўвекавечаны імёны 1450 партызан, якія загінулі падчас блакады і непасрэдна пры прарыве фашысцкага акружэння. Гэты першапачатковы спіс год ад года папаўняецца новымі прозвішчамі.

Стойкасць, мужнасць і гераізм сімвалізуе велічны манумент партызана з аўтаматам у руках, які прабіўся скрозь ворагаўскую сцяну акружэння. Мемарыял унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Эмацыянальным пралогам урачыстасці стала прайграванне падзей 82-гадовай даўніны.

– Галоўныя ўрокі нашай Перамогі – гэта ўрокі згуртаванасці і яднання народаў у супрацьстаянні гвалту і агрэсіі, – адзначыў на мітынгу ў гонар памятнай даты старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік. – Для тых, хто жыве ў мірны час, подзвіг партызан служыць прыкладам мужнасці. Нязломная воля да перамогі, здольнасць пераадольваць любыя цяжкасці, самаадданая любоў да сваёй зямлі – усё гэта павінна стаць арыенцірам для цяперашняга пакалення. Памяць пра тыя трагічныя дні жыве ў нашых сэрцах. Значнасць подзвігу немагчыма пераацаніць.

Праз восем дзесяцігоддзяў пасля крывавай вайны, тэма міру як ніколі актуальная, падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. Сёння перад намі стаяць новыя выклікі – здзейсніць прарыў у галінах эканомікі, унесці годны і пасільны ўклад у развіццё рэгіёна.

Трэці раз прыязджае з Полацка на гэта святое месца ветэран Вялікай Айчыннай вайны 97-гадовы Раман Прыбышчук. Ён таксама пачынаў ваяваць у партызанскім атрадзе, потым служыў разведчыкам.

– Мяне перапаўняюць пачуцці, успамінаю першыя дні вайны і Перамогу. Ніколі не бачыў, каб ад радасці людзі плакалі, – дзеліцца ўспамінамі Раман Раманавіч.

«Прарыву Перамогі» быў прысвечаны аўтапрабег «За адзіную Беларусь», арганізаваны абласной арганізацыяй «Патрыёты Беларусі». Яго ўдзельнікі стартавалі на плошчы Перамогі ў Віцебску, наведалі Обальскі музей камсамольскага падполля, Музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лобанка ва Ушачах і святочнай калонай прыбылі да мемарыяльнага комплексу.

Да знакавай даты быў прымеркаваны рэгіянальны конкурс сцэнічнага майстэрства «Майскі вецер». Можна было наведаць тэматычныя пляцоўкі і фотазоны, пакаштаваць стравы салдацкай кухні.

Завяршыліся ўрачыстасці на мемарыяльным комплексе выступленнем узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь.

Віцебскія весці