Вынікі ЦЭ і ЦТ школьнікаў з Віцебскай вобласці перавысілі агульнарэспубліканскія паказчыкі
15.06.2026
Колькі ў рэгіёне «мультыстабальнікаў»? Якія школы і гімназіі сталі абсалютнымі лідарамі? І наколькі нашы выпускнікі абышлі агульнарэспубліканскія паказчыкі? У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці абмеркавалі папярэднія вынікі галоўнай экзаменацыйнай кампаніі года.
Цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) на Віцебшчыне прайшоў у штатным рэжыме і паказаў, што за чатыры гады існавання гэтага фармату механізм правядзення адточаны да дробязяў. Аб дэталях экзаменацыйнай кампаніі, лідарах сярод раёнаў і бездакорнай лагістыцы распавёў начальнік аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Уладзімір Бедзякоў.
– Сёлета сярэдні бал ЦЭ ў Віцебскай вобласці падняўся да 66 (летась – 65,6). Амаль па ўсіх вучэбных дысцыплінах, за выключэннем фізікі і хіміі, вынікі нашых дзяцей аказаліся вышэйшымі за агульнарэспубліканскія паказчыкі. Самым паспяховым прадметам стала руская мова – тут сярэдні бал перавысіў адзнаку 70, – адзначыў Уладзімір Бедзякоў. – Традыцыйна высокія вынікі паказваюць гімназіі абласнога цэнтра і буйных гарадоў, аднак у лідарах ёсць і прыемныя сюрпрызы з глыбінкі. У топ-10 устаноў адукацыі па выніках здачы ЦЭ ўвайшлі віцебскія гімназіі № 2 і № 1 ім. Ж. Алфёрава, Полацкая гімназія № 2, у дзясятцы лідараў таксама Наваполацкая СШ ім. Г. Цытовіча, гімназія № 5 Віцебска ім. І. Люднікава, Боркавіцкая СШ Верхнядзвінскага раёна, гімназія № 2 Наваполацка, СШ № 3 Оршы ім. У. Караткевіча, гімназія № 3 Віцебска ім. А. Пушкіна.
Галоўная нагода для гонару – рост максімальных вынікаў. Калі ў мінулым годзе на Віцебшчыне было 185 «сотак», то ў гэтым сезоне скарбонка вобласці папоўнілася 239 стобальнымі сертыфікатамі.
– У лідарах па падрыхтоўцы інтэлектуальнай эліты аказаліся: гімназія № 2 Віцебска – 22 стобальныя вынікі; гімназія № 8 Віцебска – 17 вынікаў; віцебскія гімназіі № 3 ім. А. Пушкіна і № 7 ім. П. Кандраценкі – па 10 вынікаў; гімназія № 1 Віцебска ім. Ж. Алфёрава – 9 вынікаў; гімназія № 1 Оршы ім. Г. Сямёнава і СШ № 20 Оршы ім. І. Флёрава – па 6 вынікаў, – канстатаваў спікер. – Асаблівы трыумф святкуюць 19 выпускнікоў, якія заваявалі адразу па два 100-бальныя сертыфікаты. Геаграфія шырокая – Віцебск, Орша, Наваполацк, Чашнікі, Міёры, Ушачы, Паставы, Шаркаўшчына. Дарэчы, у дадзенай статыстыцы не ўлічваліся пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах, якія вызвалены ад ЦЭ.
Вынікі гэтага года наглядна даказалі высокую планку якасці віцебскай адукацыі.
Дырэктар гімназіі № 2 Віцебска Канстанцін Кісялёў перакананы, што судзіць аб якасці работы ўстановы адукацыі трэба не па стобальных сертыфікатах, а па сярэднім бале ўсіх выпускнікоў. А гэты паказчык у гімназістаў стабільна расце з году ў год.
– Наша формула поспеху трымаецца на двух слупах: творчай свабодзе педагогаў і дысцыпліне навучэнцаў. У нашых настаўнікаў ёсць свае метады, каб стварыць на ўроках працоўную атмасферу. З іншага боку, мы патрабуем строгай дысцыпліны ад старэйшакласнікаў: калі гімназісту даручана прапрацаваць складаную тэму або выканаць заданне, гэта павінна быць зроблена без кампрамісаў, – расказаў Канстанцін Кісялёў. – Да выхаду на рэальны ЦЭ кожны наш выпускнік здае рэпетыцыйнае тэсціраванне мінімум сем разоў: тройчы ў 10 класе, тройчы ў 11 і на адзінай агульнарэспубліканскай рэпетыцыі ў студзені. Мы дэталёва аналізуем вынікі, бачым слабыя месцы і кропкава іх устранём. Пасля такой трэніроўкі дзіця ідзе на экзамен спакойным – уся працэдура знаёмая яму да дробязяў.
Дырэктар гімназіі перакананы, што кожная ўстанова адукацыі абавязана рыхтаваць дзяцей так, каб ім не патрабавалася дапамога рэпетытараў.
– Узровень нашых кадраў і выбудаваная сістэма дазваляюць гарантаваць: калі дзіця прыйшло да нас у 10 клас і добрасумленна выконвае ўсе патрабаванні настаўнікаў, без усялякіх рэпетытараў здасць экзамен на годны вынік і паступіць у жаданую ВНУ, – канстатаваў ён.