«Свечку памяці» пранеслі па вуліцах Віцебска
Маргелаўцы ўрачыста пранеслі па вуліцах Калініна, Замкавай, Пушкіна, Суворава сімвалічны агонь да воінскіх пахаванняў на Успенскай горцы. Тут прайшлі мітынг і цырымонія ўскладання вянкоў і кветак, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дэпутаты, ветэраны вайны і Узброеных сіл, святары, моладзь. Гэтая акцыя – даніна павагі і памяці тым, хто аддаў свае жыцці за свабоду.
Старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Вольга Іванова нагадала аб трагічных падзеях 22 чэрвеня 1941 года, калі фашысцкая Германія без аб'явы вайны напала на Савецкі Саюз. Дэпутат падкрэсліла, што Беларусь стала арэнай найбуйнейшых бітваў, і гераічнае супраціўленне савецкага народа пачалося ў Брэсцкай крэпасці, набрала сілу ў магутным партызанскім руху.
– У той дзень, калі адбылося гэтае здрадніцкае ўварванне, наркамам замежных спраў Вячаслаў Молатаў завяршыў сваё радыёпаведамленне да народа словамі: «Наша справа правая. Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі». І вораг сапраўды быў разбіты. Але здарылася гэта праз 1418 дзён і начэй, поўных выпрабаванняў, голаду, холаду, слёз, болю, страху і смутку, – сказала Вольга Іванова. – Галоўным сродкам насаджэння свайго парадку нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору.
260 лагераў смерці, 70 гета. Толькі ў адным з іх, Тростенецкім, загублена 206,5 тысячы мірных жыхароў. У лагеры «5-ы полк» у Віцебску загінула больш за 80 тысяч савецкіх грамадзян. Фашыстамі знішчаны 12868 беларускіх сёлаў і вёсак, з іх 3086 – у Віцебскай вобласці.
– Сёння, як ні ў які іншы дзень у годзе, кожны з нас адчувае на сабе строгі погляд тых, хто сыходзіў на фронт са зброяй у руках для барацьбы з ворагам. Тых, хто быў закатаваны ў лагерах смерці, хто паміраў ад ран і голаду, хто змагаўся ва ўкраінскім тыле, тых, хто дзяліўся апошняй крошкай хлеба з дзецьмі блакаднага Ленінграда. Тых, хто літаральна даставаў салдат з таго свету ў прыфрантавых лагерах, хто коваў Перамогу за станкам, хто выступаў для байцоў з канцэртамі за некалькі сотняў метраў ад ворагаў, – падкрэсліла Вольга Іванова. – Тыя, хто жыве сёння, захоўваюць памяць аб загінулых у той страшнай вайне і памятаюць, што ў кожным з нас часцінка іх непрожытага жыцця.
Старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане падпалкоўнік у адстаўцы Валерыян Мацкевіч падкрэсліў важнасць памяці аб мінулым і неабходнасць прадухілення новых канфліктаў.
– Савецкі народ здолеў знайсці ў сабе сілы для перамогі над фашысцкай Германіяй і пабудаваць годнае жыццё ва ўмовах складаных. Сёння, на жаль, неанацысты зноў падымаюць галаву, забыўшы ўрокі Вялікай Айчыннай вайны. Мы знаходзімся на мяжы Трэцяй сусветнай вайны, і гэта выклікае глыбокую трывогу. Я хачу падкрэсліць, што наша краіна пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, робіць усе неабходныя меры для прадухілення канфліктаў. Мы, прадстаўнікі сучаснага пакалення, цэнім тое жыццё, якое маем. Таму павінны зрабіць усё магчымае, каб захаваць мір, – сказаў Валерыян Мацкевіч.