Трэнды ў будаўніцтве, перспектывы. Моладзевы прафсаюзны форум стартаваў у Віцебску

Тренды в строительстве, перспективы. Молодежный профсоюзный форум стартовал в Витебске

Больш за 30 актывістаў профільных арганізацый з розных куткоў краіны сабраў Моладзевы форум Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў у Віцебску.

Стартаваў форум з акцыі памяці. Удзельнікі ўсклалі кветкі да Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны на плошчы Перамогі.

Дзелавую частку прыняло ААТ «Даламіт», дзе пасля адкрыцця форуму пачала працу дыялогавая пляцоўка. Лектарамі выступілі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў Дзмітрый Прасвіракоў, старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Алена Няфедава, генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Саглаеў.

Дзмітрый Прасвіракоў адзначыў, што падобныя форумы накіраваны на ўмацаванне работы з моладдзю і праводзяцца на пастаяннай аснове.

– Зверка арыенціраў работы з моладдзю ў рамках выканання задач, якія стаяць перад намі, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, патрыятычнае выхаванне, будаўніцтва арэнднага жылля, – поазначыў спектр пытанняў Дзмітрый Прасвіракоў. – На дыялогавай пляцоўцы мы вызначаем напрамкі работы ў рамках абвешчанага ў краіне Года беларускай жанчыны і тое, як мы можам падтрымаць працоўную моладзь. Вызначаемся па тых момантах, дзе трэба для актыўнай моладзі ўключыць дадатковыя сацыяльныя гарантыі ў нашы дзеючыя калектыўныя дагаворы. Прапрацуем шэраг мерапрыемстваў, якія сёлета будзем праводзіць у шырокім фармаце.

Старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Алена Няфедава падкрэсліла, што «Даламіт» – горадаўтваральнае прадпрыемства, поспехамі якога ў рэгіёне ганарацца. Вялікі, зладжаны калектыў уключае працоўныя дынастыі, мае сваю сістэму настаўніцтва. Прадпрыемства захоўвае традыцыі і рыхтуецца да 95-гадовага юбілею.

– Прадпрыемства, прамысловую вытворчасць якога вывучае моладзь падчас форуму, мае добрыя напрацоўкі па ўзаемадзеянні з моладдзю. Наладжваецца сістэма работы па ахове працы і іншых напрамках, якімі займаецца прафсаюз, у тым ліку па захаванасці здароўя работнікаў. Моладзь на гэтай пляцоўцы абменьваецца лепшымі практыкамі і ініцыятывамі, якія ў будучыні могуць значна паўплываць на развіццё галіны ў рэгіёне і краіне, – адзначыла Алена Няфедава.

Моладзі паказалі прэзентацыйны ролік аб рабоце прадпрыемства. Генеральны дырэктар Сяргей Саглаеў спыніўся на асобных напрамках работы, перспектывах, расказаў аб гісторыі «Даламіту», складаных этапах у яго развіцці, якія тут змаглі пераадолець. У 2023 годзе з улікам знешнепалітычнай сітуацыі прадпрыемству давялося ўзмоцнена перабудоўваць работу, нанова напрацоўваць лагістычную базу, пераарыентавацца на рынак Расіі. Сёння тут праводзіцца комплексная мадэрнізацыя, пачатак якой паклала рэканструкцыя трэцяй тэхналагічнай лініі.

Сярод пытанняў, якія цікавілі моладзь, – арэнднае жыллё, сацыяльныя гарантыі, міжнародная работа прафсаюза і іншыя.

«Віцебскія весці»