Навучэнцы Віцебскай гімназіі № 3 сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу «Свежы вецер» у намінацыі «Лепшы школьны блог»
У ХХІ рэспубліканскім конкурсе дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер» навучэнцы 11 «Б» класа гімназіі № 3 горада Віцебска імя А.С. Пушкіна Таліпская Ірына, Трацаўскі Цімафей і Шлык Анастасія сталі пераможцамі ў намінацыі «Лепшы школьны блог». Каманда юных журналістаў узнагароджана дыпломам 1 ступені.
Асноўнымі патрабаваннямі, што прад'яўляюцца да конкурсных работ у дадзенай намінацыі, былі: змястоўнасць і інфармацыйная насычанасць, актуальнасць, разнастайнасць жанраў, арыгінальнасць раскрыцця тэмы, аўтарская пазіцыя. Таксама ацэньваліся візуальнае афармленне публікацыі, сістэматычнасць афармлення публікацый, наяўнасць зваротнай сувязі з аўдыторыяй (правядзенне апытанняў, акцый, конкурсаў).
Беручы ўдзел у конкурсе «Свежы вецер», юныя журналісты з віцебскай гімназіі паспяхова прайшлі ўсе этапы: раённы, гарадскі і абласны. Заключны этап конкурсу праходзіў у НДЦ «Зубраня».
- На змене «Прэс-інфо» мы распрацавалі свой тэлеграм-канал, дзе дзяліліся навінамі пра падзеі ў Зубрёнку, стварылі радыёпраграму, у якой абмяркоўвалі цікавыя тэмы. Акрамя таго, мы выпусцілі часопіс, у якім сабралі артыкулы, фотаздымкі і нататкі пра нашы прыгоды ў лагеры. Знялі відэакліп, які паказаў, як мы праводзім час разам, паспрабавалі сябе ў ролі сцэнарыстаў, аператараў і рэдактараў. Гэта быў выдатны досвед. Змена «Прэс-інфо» была вельмі насычанай і цікавай, і я ганаруся тым, што змагла прыняць удзел у конкурсе «Свежы вецер». На мой погляд, працаваць у камандзе прасцей і цікавей. Калі мы аб'ядноўваем намаганні, кожны можа ўнесці свае ідэі і вопыт. Гэта дапамагае знаходзіць больш крэатыўныя рашэнні і вучыцца адзін у аднаго. Я люблю абмяркоўваць задачы з хлопцамі, дзяліцца думкамі і атрымліваць зваротную сувязь. Акрамя таго, у камандзе можна падзяліць адказнасць, што робіць працу менш стрэсавай, - распавяла Ірына Таліпская.
Цімафей Трацаўскі лічыць, што досвед правядзення заключнага этапу конкурсу ў рамках змены «Прэс-інфа» напрамую звязаны з журналістыкай. Дзякуючы ўдзелу ў конкурсе ён навучыўся працаваць з аўдыторыяй, хутка рэагаваць на сітуацыю. Усё гэта — важныя навыкі для журналіста, які павінен не толькі пісаць тэксты, але і ўмець узяць інтэрв'ю, задаваць пытанні і даносіць інфармацыю. Цімафей упэўнены, што яму вельмі пашанцавала з калектывам у НДЦ «Зубраня». Хлопцы аказаліся творчымі, працаваць разам было не проста лёгка, а па-сапраўднаму цікава. Ад гэтага хацелася яшчэ больш уключацца ў працэс, прыдумляць нешта новае.
На ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу «Свежы вецер» і ўручэння дыплома 1 ступені ў намінацыі «Лепшы школьны блог» Анастасія Шлык поделалілася сваёй радасцю.
- Мы прайшлі доўгі шлях. І вяртаемся на родную Віцебшчыну з перамогай! Дзякуючы насычанай праграме конкурсу «Свежы вецер» мы набылі новыя веды, развілі ўменні ў журналісцкай дзейнасці. Хочацца сказаць словы падзякі бацькам, а таксама дырэктару гімназіі № 3 горада Віцебска Алене Матвеевай, кіраўніку гуртка «Юны журналіст» Вользе Багослаўскай, дырэктару НДЦ «Зубраня» Таццяне Асмолоўскай і куратару змены Уладзіміру Палішчуку. Іх падтрымка, увага і вера ў нас зрабілі першыя крокі ў журналістыку па-сапраўднаму незабыўнымі.